Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - страница 11

Шрифт
Интервал


– Фар кокуць, ці не падкажаце, каторая зараз гадзіна?

– Траціна абароту да зьмярканьня, фар Аўлга.

Яны вярнуліся да сталу, і прыгаломшаны Каўрыт адно выдавіў:

– Як?

– Гэтага кокуця падстрэлілі колькі гадоў таму на раўніне. Ужо калі ён вісеў на сьцяне, напханы мамутаваю поўсьцю, у аўстэрыю завітаў бадзяжны друід і, дзеля забаўкі, зачараваў яго. Сама дзіўнае ў гэтым, што да зьмярканьня запраўды засталася траціна абароту.

Каўрыт нічога не адказаў.

– Але збольшага, фар Утальтат, вашая думка пра тое, што варта браць пад сумнеў усё, непацьверджанае ўласным досьведам, знаходзіць водгук у маёй душы. Так, рада Гнязда запэўнівае нас, што рызыкі нападу ксінатаў са Скідарскіх імшараў няма ніякае. Мой уласны досьвед кажа, што такая рызыка йснуе заўжды, а калі хто гэта адмаўляе, дык, відаць, дзейнічае з ксінатамі напару. Таму ў Гнязьдзе я слухмяна выконваю абавязкі вышніка, а ў вольны час зьбіраю рушэньне й гадую мазгавых паразітаў. Гэтыя маляткі ў выпадку чаго стануцца нечаканкаю для ксінатаў… Дарма вы так глядзіцё на мой баланьезэ – гэта зусім іншы від чарвякоў, іх адмыслова вырошчваюць на харчаваньне. Але, зноў жа, тут я вас цалком падтрымваю: бяры пад сумнеў усё, бо дакладна ня ведаеш нічога.

– Фар Аўлга, ці ўсе ў Келіску падзяляюць падобны сьветагляд?

– Вы першы назвалі мяне прагрэсіўным і разважлівым. Такіх заўжды меншасьць: хоць у Келіску, хоць у Лорміі, – але яны паўсюль кіруюць пасыўнаю бальшынёй. Калі вы плянуеце наладзіць гандаль з нашым Гняздом, вам карысна будзе ўзяць пад увагу тутэйшыя парадкі й настроі ды пазбыцца рэлігійных ілюзіяў, скуль бы яны ня браліся – з Анкегу ці з космасу.

– Вашая рацыя. Тут ёсьць над чым падумаць.

Далей размова перайшла на нэўтральныя тэмы. Каўрыт ветліва чакаў, пакуль Мікомп ня скончыць сталаваньне. У кожнай талерцы той пакінуў крыху ежы й пассыпаў усё ў паўмісак. Калі яны падняліся сыходзіць, ён падышоў да ямы й скінуў недаедкі. Каўрыт заўважыў, як раней тое ж рабілі іншыя наведнікі.

– У чым сэнс гэтага рытуалу?

– Вы б назвалі яго забабонам. Кажуць, на дне сядзіць сам гаспадар «Сьпеўнага каменю», а гаспадару трэба пакідаць выязное.

– І што ён сабою ўяўляе?

– Ня ведаю. Нават ня ўпэўнены, ці запраўды там хто ёсьць. Але і адмаўляць таго не магу. Хадземце.


Прызёмісты чалавек у шараку таптаўся ў апошніх шэрагах. Туды яго адціснулі здаравезныя дзецюкі з Нэльтасоў, якія прыйшлі апоўдні. Яму прыходзілася ставаць на дыбачкі альбо падскокваць, каб разгледзець, што дзеецца наперадзе.