Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - страница 13

Шрифт
Интервал


Натоўп унізе загаманіў, але друід працягваў, узьняўшы голас:

– Прапаную кару: хай гарэтыкі зьяднаюцца з тым, што адмаўлялі, і прарастуць грыбамі Праўды.

Астатнія друіды ўхвалілі вырак узьнятымі рукамі.

– Падвіноўныя, ці маеце вы што сказаць перад пачаткам рытуалу?

Стары, пыкаючы, прамовіў:

– Нашто так пасьпяшаць зь непапраўнымі дзеямі? Так, мы з вамі без сумневу маем пэўныя анталягічныя разыходжаньні, але іх можна разглядаць як нагоду для дыялёгу, а ня сварак. Праўда можа нарадзіцца праз новыя сьветаглядныя канцэпцыі. Мы, у сваю чаргу, з увагай паставімся да вашых традыцыйных… м-м-м… прымхаў.

Найвышэйшы друід ніяк не адрэагаваў. Стары пасьпешліва дадаў:

– Калі вы ставіце пытаньне рубам, мы бясспрэчна гатовыя прызнаць боскасьць Міцэлію і адмовіцца ад касматэістычнае гэрасі.

– Вашыя развагі безумоўна цікавыя й павучальныя, але ў гэты момант пазбаўленыя будзь-якое практычнае каштоўнасьці. Скіньце іх у Міцэлій.

Два друіды кіямі сапхнулі падвіноўных у шахту. Каўрыт з асьцярогаю падышоў да краю і ўбачыў, як гіфы грыбніцы аплятаюць целы небаракаў і накрываюць іх сваёю масай. Спачатку былі чуваць жахлівыя крыкі, потым яны сьціхлі.

Усе друіды падняліся на ногі й пачалі хорам паўтараць за найвышэйшым:

– Хай распачнецца Трансфармацыя. Хай зьяўленае Існае прачнецца ў вантробах злачынцаў, пачне йрваць кіндзюкі й сілкавацца іхнымі ўспамінамі. Хай іх спаралізуе жах перад Абсалютам. Загніваючыя судзіны іхных целаў няхай стануцца караблямі экзанічных мутацыяў, а вэктарная інфэкцыя зьвяжа нуклеазы гамалягічнае адбудовы ў цэлевым локусе. Хай яны прарастуць грыбамі, якія дазволяць нам убачыць сьвет як ён ёсьць. Узрадуймася й прывітайма Трансфармацыю!

Калі рытуал скончыўся й шахту накрылі вечкам, задаволеная Гларпларла падышла да Каўрыта:

– Як вам спадабалася дзея? Аж пэўна стане матарыялу на ладную дыдактычную песьню?

– Вельмі ўражвае, – адкашляўся Каўрыт, – дзякую за дазвол папрысутнічаць. Але, між намі, вы насампраўдзе ўважаеце звычайную грыбніцу за бога?

Усьмешка зьнікла з твару друідкі.

– Мой даражэнькі, вашае невуцтва можна дараваць, бо вы прыйшлі з далёкае барбарскае краіны, дый фігура барда лічыцца ў нас недатыкальнай… Але вялікая просьба на будучыну – асьцярожней са словамі. Што да істы пытаньня: Міцэлій Міхьтрэльдзкага лесу – найстарэйшы жывы арганізм Анкегу. Яму некалькі тысяч гадоў, ён распасьцёрся пад зямлёю на палову кантынэнту й быў тут яшчэ да зьяўленьня людзей. Усе ягоныя мажлівасьці непасьціжныя й недасягальныя для нас, стварэньняў лесу. Адзіны шлях наблізіцца да Абсалюту – улучаць у дыету грыбы Міцэлію, убіраючы ў сябе часьцінку боскага. Заставайцеся на ўсяночную оргію, вы зможаце прылучыцца да сакральнага й з разьняволеным розумам апісаць усё ў песьні.