Каб падмацаваць напісанае вышэй, адразу згадаю Харлана Элісана. Мне вельмі падабаюцца ягоныя зборнікі, у якіх прадмовы да апавяданьняў бываюць ня менш цікавымі за самыя апавяданьні. Сьледам за дзедам і я да сваіх тэкстаў напісаў невялікія прадмовы. Чытаць іх – як, дарэчы, і гэты зацягнуты ўступ – зусім неабавязкова: нічога для разуменьня твораў яны не даюць.
Арт-хутар «Васіліна», люты 2022 году
Усе д’яблы сюды прыбеглі зь пекла
Улетку 2019 году я браў удзел у раскопках крэўскага гарадзішча X – XIII стагодзьдзяў. Аднаго дня на абедзенным перапынку валянтэры, пад’еўшы, паразьлягліся на разасланым брызэньце над раскопам. Хто курыў, хто драмаў на сонцы, хто бавіў час размовамі. Я слухаў. Разам з намі быў гаваркі хлопчык, які прыехаў з бацькамі з Гомлю. У пэўны момант ён нечакана загаварыў пра пекла і прамовіў: «У пекле ёсьць Гомель». А потым як нічога ніякага дадаў, што там таксама ёсьць каровы й шмат камароў. І людзі – добрыя-добрыя. Асаблівае жудасьці дадавала тое, што прамаўлялася ўсё гэта бязьвінным танюсенькім галаском. І гэта запомнілася.
Вярнуўшыся празь які тыдзень дахаты, я прыдумаў сабе творчае заданьне (бо за вандроўкамі й раскопкамі ўлетку амаль нічога не напісаў): стварыць апавяданьне, якое пачыналася б словамі пра пекла й Гомель і ўмяшчала хлопчыкаву міталёгію й тэму дзіцячае жорсткасьці. Штопраўда, ня ведаў, ці атрымаецца. Атрымалася.
У тэксьце згадваецца «палітыка дэнацыяналізму»: рыхтуючы зборнік, я хацеў быў яе выкрасьліць праз адначаснае падабенства й непадабенства да так званае «дэнацыфікацыі» ў Украіне, якая распачалася праз два з паловаю гады па напісаньні, але па водуме вырашыў пакінуць як ёсьць. Усё ж фантастыка нічога не прадказвае, як гісторыя нічому ня вучыць. Яны патрэбныя для іншага.
У пекле быў Гомель.
Спачатку ён не даваў веры відавочнаму, але неўзабаве сумневаў не засталося.
Першым пабачыў дарожны паказальнік. Абшарпаны сіні простакутнік пасярод пякельнае пусткі. Фарба лупілася буйнымі асушкамі, як пабруднелая скура на лбе й носе Ўсьцюжаніна. Налева – Чарнігаў, наўпрост – Гомель, 20 км. Потым, празь якую пару-тройку гадзінаў, наперадзе зьявілася места. Руіны, якія Ўсьцюжанін не пазнаў альбо пазнаваць не захацеў. Яшчэ праз гадзіну – мост цераз Сож. Тады ўсё стала зразумела. Дарма што замест вады ў рэчышчы Сажу цякла лява.