Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - страница 5

Шрифт
Интервал



Банцэвічанка глядзела на аблогу Гом’я з замкавае вежы.

Варожае войска стаяла пад сьценамі. Над першымі шэрагамі выпрастала крылы жар-птушка. Магутнымі ўзмахамі яна насылала на гарадзішча навальнічныя хмары з маланкамі, што білі ў абаронцаў.

«Прысьпеў час дзеяць».

Камандзір гомейскага гарнізону прачытаў ейныя думкі й даў адмашку. Ведзьмары па ўсім абводзе ўзьнялі рукі. Зь іх далоняў зырваліся снапы сьвятла й рэзнулі па цёмных хмарах. Патрушчылі на нішто.

Гэта слугавала сыгналам для жывёлаў. Варгін працяжна замяўкаў і скокнуў з рандэлі ў гушчу абложнікаў. Кіпцюрамі ён цэліў ім у вочы, драў валасы й шкуматаў твары. За кашэчым каралём уніз скіравалася чарнашэрснае ваярства. З Сажу, наўсьлед за Хабёрам, на бераг палезьлі сотні вялізных ракаў. Вострымі клюшнямі яны пераразалі ворагам сухажылы і адціналі пальцы. Зь лесу паўзла Шкурапея. Яна вяла за сабою размаітых зьмеяў, якія джалілі нападнікаў і ўпырсквалі ім у кроў сьмяротную атруту. Паднор з процьмаю падданых мышэй і пацукоў вылез зь лёху пасярод варожага строю. Грызуны сеялі паніку, гуртам кідаючыся на людзей. З прырэчных пячораў у паветра ўзьняліся цмокі й пачалі паліваць войска полымем.

Банцэвічанка як дасьведчаная чараўніца ведала, што нічога з гэтага не ўратуе места. Яно асуджанае на паразу.

Сцэна аблогі мутнела ўваччу, засланялася прывіднымі карцінамі. Апакаліптычныя візіі зьмянялі пастаральныя краявіды. Яе нібыта разрывала на часткі.

Вось яна бачыць свой чароўны замак, а вось замест Гом’я перад ёю шэры бяздушны Гомель – бэтон, асфальт ды йржавы мэтал. Самая яна стаіць на брылі будынку гомельскага райвыканкаму й вывешвае трыкалёр над галоўным уваходам.

Банцэвічанка не кіравала ўласнымі дзеяньнямі; быццам папросту назірала здаля. Вось уваччу зноўку паплыло, і карціны сумясьціліся – паўсюль яна бачыла адно трупы й руіны.


Раўніна ўяўляла сабою бясконцую мядзяную роўнядзь. Усьцюжанін ступіў на яе й заекатаў – медзь была распаленая ледзь не да вадкага стану. Уваччу памутнела. Ступні дыміліся і асмальваліся, але ён не спыняўся.

Далей, далей – прэч з гэтага замарачнага сну.

Да краю мядзянае раўніны – а той усё ж існаваў – дабраўся на карачках, зьнявечаны й спанявераны. Тут пачыналася шэрая зямля, парослая кустоўем. Ён упаў на сьпіну і аддыхаўся. Колькі разоў цыркануў крывёй. Паветра ўсё гарачэла. Відаць, патроху набліжаўся да цэнтру апраметнай.