Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - страница 30

Шрифт
Интервал


Дый куды б яшчэ яму хадзіць у такі дзень: жонка даўно спачыла ў рытуальным полымі, дзеці з унукамі паразьехаліся. І хоць жылі недалёка – у Данвічы ды Аркгэме, – наведваліся да старога зрэдку. Апошні раз завіталі на Бельтэйн пазалетась.

Ён ня меў пэўнасьці, ці зьберагуць яны айчызную спадчыну, і моцна пераймаўся з тае нагоды. Аджа іхныя продкі прыйшлі ў гэты край з далёкіх земляў на Поўдні. Прыйшлі яшчэ да таго, як сюды прыплыў першы карабель. Да таго, як узьнікла Плімуцкая калёнія. Іхны род заўжды быў нешматлікім і пачуваўся чужым у Новай Англіі, а зь цягам часу повязь з былым усё вытанчалася, традыцыі чэзьлі. Ён застаўся хіба апошнім, хто пільнаваўся старых звычаяў.

Эзра ўздыхнуў, выпусьціўшы з роту воблачак пары, і разгледзеўся на бакі. Два дні таму з мора наляцела завіруха і ахінула Кінгспарт белым покрывам. Могілкі ляжалі на вяршыні ўзгорку ў цэнтры старога места. Цяпер яны ператварыліся ў казачную катэдру: пад цяжарам сьнегу вербы схілілі галіны да растрэсканых помнікаў і раскрышаных плітаў. З арачных вокнаў, што атрымаліся такім парадкам, была відаць ладная частка Кінгспарту: ад Саўтпойнту й Сьвінячае выспы ў Гарбэрсайдзе на ўсходзе да каляніяльных дамкоў Гілтаўну на захадзе. Вобач могілак на ўзгорку ўзносіла шпіль у вечаровае неба парафіяльная царква Сьвятога Міхаіла. Адтуль даносілася гамана й высьвечвалі бліскавіцы фаервэркаў. На другі бок могілак месьцілася псыхіятрычная лякарня Сьвятога Эразма, адкуль яго кагадзе выпісалі.

Неўзабаве прысьпее той час, усьведамляў Эзра, калі й ён спачне на гэтым пагорку – і пахавальнага вогнішча яму ніхто не складзе. Эзра пачуваўся жаўнерам у часе вайны на захопленай тэрыторыі. Жаўнер адчувае непазьбежнасьць перамогі, але так жа сама чуе, што да яе не дажыве. І ўсё ж адкласьці зброю значыць здрадзіць нашчадкам, пазбавіць іх будучыны. На вайне трэба добра выконваць сваю працу – упарта, бяз скаргаў. Брудавозная, няўдзячная справа – але што зробіш.