Цыбаты працягнуў руку курдуплю:
– Прыемна было працаваць з вамі, Недаростку Бальтру. Дазвольце пацікавіцца: якія маеце пляны на прышласьць?
Бальтрут Тронза ня быў бы Бальтрутам Тронзам, калі б ня мог любую, нават самую непрывабную, сытуацыю абярнуць на сваю карысьць. Да таго ж ён быў прафэсіяналам. «Цікава, калі яшчэ надарыцца шанец папрацаваць з найлепшымі авантурнікамі Галяктыкі?» «Ніколі», – безуважна адзначыла сьвядомасьць.
Курдупель упэўнена адказаў на поціск рукі:
– Ляцім на Гліцыяс, спадару Рэнзо. На дзьвярох вашага сыночка яшчэ стане месца пад маю метку.
Другое (анты-) каляднае апавяданьне. Адначасна яно ёсьць і ўшанаваньнем Лаўкрафта. Як бы хто ні крытыкаваў бацьку сучаснага хорару, яго ёсьць за што любіць. Ды яшчэ як любіць. Мне падабаецца шмат чаго ў ягонай творчасьці; падабаецца, як міты Ктулху жывуць і праз восемдзесят гадоў па сьмерці творцы ды цудоўна пачуваюцца ў іншых руках; падабаецца, што гэтая міталёгія даўно выйшла за межы літаратуры й стала часткаю масавае культуры.
У «Звон» я ўштукаваў нямала адсылак да пашыранае лаўкрафціяны: ад «Караля ў жоўтым» Уільяма Чэмбэрза да кулінарнае кнігі «The Necronomnomnom – A Cookbook of Eldritch Horror»; ад альбому «Liber Logaeth» LAMIA MORRA да настольнае ролевае гульні «Call of Cthulhu». Хто захоча, тыя адсылкі можа пашукаць і знайсьці.
They will return: mankind will learn
New kinds of fear when they are here
They will reclaim all in their name
Hopes turn to black when they come back
Ignorant fools, mankind now rules
Where they ruled then: it’s theirs again
«Carol of the Old Ones»
Знайшлося б нямала такога, чаго Эзра Ольсэн ня ведаў. Але ў адным ён пераканаўся за шэсьцьдзесят тры гады напэўна: ніякіх цудаў не бывае. Ні на сонцаварот, ні калі яшчэ. Сусьвет халодны і абыякі да чалавечых жаданьняў і памкненьняў. Маральнага кодэксу ён ня мае. Усё зьмяняецца толькі на горшае.
Эзра агледзеў магілу пад нагамі. «Я – Провід», вытыркаўся надпіс з-пад сьнегу. Гэты чалавек, што ўзапраўды быў божым провідам, усё жыцьцё вешчаваў прыйсьце Вялікіх Старцаў, але так і не прычакаў іх. Памёр у галечы й безьвесьці. А мусіў бы стацца шчырым прарокам і зьвестуном Праўды. Якраз дзякуючы яму сям’я Ольсэнаў захавала памяць і веру продкаў пераз хаос дваццатага стагодзьдзя. Штогоду напярэдадні Ёля Эзра прыходзіў да ягонае магілы.