Яшчэ адной важнай задачай, пасля разбурэння гістарычных міфаў, будзе асэнсаванне праблемы нацыянальнага міфа беларусаў і нават, у пэўным сэнсе, яго канструяванне.
Так-так, дарагія чытачы, мы разбурым адны міфы, каб стварыць іншы – як жа інакш.
Такім чынам, у кнізе расказваецца пра тое, хто такія русіны, літвіны, літвіністы і інцэптабеларусы, а таксама пра тое, хто насамрэч стварыў ВКЛ.
Ці быў захоп літоўцамі гарадоў Панямоння? Ці з'яўляўся Навагрудак сталіцай краіны? Ці існавала старабеларуская мова і ці маюць беларусы права на спадчыну Княства, і калі так, то як гэта пераканаўча даказаць? Гэтыя пытанні, як і многія іншыя, аўтар разглядае ў дадзенай працы, абапіраючыся пры гэтым на дакладныя крыніцы.
Цагліна з гродзенскага замка Вітаўта з геральдычным знакам Калюмны.
Аб некаторых перадумовах стварэння ВКЛ і першых этапах яго існавання
Першапачаткова Вялікае княства Літоўскае будавалася па прынцыпе аб'яднання старажытнарускіх княстваў Панямоння з землямі літоўскіх уладароў. Станаўленне княстваў Русі адносна нядрэнна прасочваецца па пэўных крыніцах, дзякуючы захаванасці (хай і ў выглядзе копій) старажытнарускіх летапісаў.
Дзяржаўтваральныя працэсы ў літоўскіх землях, з-за адсутнасці ўласна літоўскіх летапісаў перыяду X—XIII стагоддзяў, пакрытыя цемрай і фактычна апісваюцца на падставе ўрыўкавых, скупых згадак, якія дапаўняюцца дадзенымі ад спецыялістаў дапаможных гістарычных дысцыплін.
Часцяком літоўскія плямёны X – XII стагоддзяў, у межах беларускай гістарыяграфіі, малююцца вельмі адсталымі ў сваім развіцці ў параўнанні з жыхарамі мясцовых славянскіх гарадоў Кіеўскай Русі. Хоць гісторыкі не могуць, на падставе вядомых крыніц, даказаць, на гэтым адрэзку развіцця старажытных літоўцаў, наяўнасць у іх каменнага дойлідства і пісьменства, тым не менш дадзеныя археалогіі, атрыманыя ў выніку вывучэння аднаго з найцікавейшых археалагічных помнікаў Літвы, Кернаўскага гарадзішча, кажуць аб існаванні там дастаткова буйнога паселішча, жыхары якога карысталіся немалым наборам найбольш патрэбных бытавых рэчаў і нават прадметамі раскошы.
Літоўскія гісторыкі нярэдка спрабуюць абвясціць Кернаў першай сталіцай іх дзяржавы, ці нават сталіцай Міндоўга, хоць якія-небудзь неабвержныя ці хаця б важкія доказы, для гэтага меркавання, адсутнічаюць.