А давайце тых жа артыстаў і тую ж дэкарацыю «Аіды», той жа аркестр і таго ж дырыжора перавязём з Метраполітэн-оперы ў Вялікі тэатр Беларусі, ці наадварот – з Вялікага ўвесь запас у Метраполітэн-оперу! Ноты і партыі, ды мова арыгінала, зразумела, тыя ж будуць. Тушым святло. Слухаем. У цемры. Бо там і там слухаем оперу цемры. А ведаеце, чым адрозніваецца атмасфера ў двух тэатрах, калі пасля фіналаў уключаюць святло? У Вялікім, нават калі купіў самы танны квіток, не адчуваеш сябе жабраком. Дый пры жаданні можаш купіць квіток на месца ў першых радах каля сцэны.
Купіць квіток на месца ля сцэны ў Метраполітэн-оперы нават думак у мяне не ўзнікала. Бо за амаль дваццаць гадоў майго наведвання Метраполітэн-оперы я, здаецца, не заплаціў столькі грошаў за ўсе квіткі ў партэры, на балконе ды за стаячыя месцы, колькі каштуе адно месца ля сцэны. У маёй любімай Метраполітэн-оперы адчуваеш сябе нявольным чалавекам, жабраком. А «Аіда» адна і тая ж. Ноты і партыі, ды мова арыгінала, зразумела, тыя ж, артысты і дэкарацыя сцэны, аркестр і дырыжор, мы ж дамовіліся, адны і тыя ж, а ў амерыканскай оперы чамусьці адчуваеш сябе жабраком.
Можа, настальгія? Можа. А можа, быццё іншае. Заходняе.
Кажуць, шмат вякоў таму на Захадзе з’явіліся людзі багатыя і бедныя, якія працавалі на першых. з'явіліся гаспадары прыватнай уласнасці і немаёмныя / жабракі. І тады ж, кажуць, тыя жыхары вырашылі, што меншасць будзе багатай, а большасць – беднай. Гэтае эпахальнае рашэнне яны назвалі дэмакратыяй, ды тады ж прыбілі там- сям шыльды «Дэмакратыя», і гэтае прапагандысцкае слова СМІ іхніх багацеяў данеслі непасрэдна да розуму і сумлення заходніх грамадзян. Так склалася заходняя дэмакратыя, пры якой багаты дэмакратычны сугаспадар заўсёды меў рацыю, а бедны дэмакратычны чалавек заўсёды бачыў тыя прапагандысцкія шыльды праз СМІ багацеяў.
Крыху пазней, кажуць, міма тых шыльдаў праходзілі нашы постсавецкія беларускія еўрапейцы апазіцыянеры Лебедзь, Рак і Шчупак, якія ў Беларусі на адным квадратным еўрапейскім кіламетры і араць побач не стануць, але цягнулі і цягнуць беларусаў у Еўропу. Нашы апазіцыянеры спыталі тых дэмакратычных еўрапейцаў: «Калі ў вас дэмакратыя, то што ў нас на Беларусі?» – і заходнія ў адзін голас адказалі: «У вас апошняя дыктатура Еўропы!»
Так і сталася з тых часоў з дапамогай нашых незалежных не прадажных дэмакратычных апазіцыйных прапагандысцкіх СМІ (тутэйшых і замежных): маўляў, у нас рэжым, дыктатура, таталітарызм, сатрапія, аўтарытарызм, нічога каштоўнага, а на Захадзе ўсё ў поўным парадку. Вось назвалі б нашы БЧБ СМІ наш уклад беларускай дэмакратыяй, ці першымі крокамі нашай дэмакратыі, і, глядзіш, жылі б мы ў дэмакратычным грамадстве. Як на Захадзе назвалі ж дэмакратыяй свой дзяржаўны строй заходнія прапагандысцкія СМІ багацеяў.