Нязніклыя - страница 3

Шрифт
Интервал


Былі ночы, калі дзяўчына заплюшчвала вочы, старалася заснуць, засынала, каб набрацца сіл для яшчэ аднаго вар'яцкага дня. Але бывала і так, што сон у ціхі час не прыходзіў да яе, аддаляўся, баяўся яе страшных разваг. Ужо другі тыдзень Паліна шукала спакойны куток для сна. То дзікія крыкі жывёл не давалі спакою, то няўцямныя шоргаты перашкаджалі аднавіць энергію цела. Што будзе сёння? Яна нават не меркавала. У гэты момант пераходу вечара ў ноч, у яе памяці зноў прабеглі, як слайды, тыя добрыя моманты мінулага, жывога горада: моманты радасных сямейных урачыстасцяў, твары шчаслівых родных людзей, смех дачушкі, жывыя ўсмешкі. Але затым, усё ў галаве хутка памянялася, усплылі жудасныя карціны, тых падзей, якія нечакана знішчылі яе шчаслівае жыццё. Галава шумела, сэрца калацілася ад такіх успамінаў. Хацелася выкінуць з галавы ўсё дрэннае, выдаліць увесь боль апошніх дзён…

Ну вось, чорны месяц паспяшаўся змяніць аранжавае сонца. Прыйшоў час для цемры. На змену заступіла, усё яшчэ не звыклая для Паліны, непраглядная ноч. Першыя гадзіны ў жудаснай абстаноўцы яна старалася зразумець, якімі будуць яе наступныя крокі заўтрашняга дня. Але потым дзяўчына ўсё ж заплюшчыла стомленыя карыя вочы, бо не было тут таго шуму, які быў бы супраць яе сну. У гэтую ноч Паліну не трывожыла дрыготкае гырканне злых і галодных дзікіх жывёл, якія падвергліся страшным зменам. Каты, сабакі блукалі па брудных вуліцах толькі ў ночы і ў пахмурныя дні. Палявалі на цёплую безабаронную плоць толькі тады, калі святло яркага сонца не асляпляла ім вочы, не абпальвала паўаблезлае цела, тыя адкрытыя ўчасткі скуры, што больш не трымалі поўсць.

Ноч – гэта той час, калі Паліна набіралася сіл, або, што часцей за ўсё здаралася, яна адчувала страх і прысутнасць невытлумачальнага.

II

Раніцай, калі сонца паказала гораду ўсю сваю круглую форму, лёгкі халодны вецер уварваўся ў пакой, дзе яшчэ спала Паліна. Ветрык спачатку дакрануўся да яе цёмных валасоў, а затым дакрануўся да светлай скуры твару. Ён парывамі лашчыў малады твар, гладзіў маленькі нос, спрабаваў абудзіць чалавека. Дзяўчына, удыхнуўшы халаднаватае паветра, рэзка падняла галаву і тулава, адкінула частку коўдры ад тулава да ног, моцна сціснула біту перад сабой. Яна была гатовая махаць палкай з усёй сілы, гатовая была абараняцца. Але ад каго? У сценах па-ранейшаму была адзінота. Усё з-за непрыемнага сну, што прыйшоў да яе за пару секунд да абуджэння. Паліна была ўстрывожаная і напалоханая. Дыханне пачасцілася, вочы шукалі прычыну страху. Праз нядоўгі час, яна ўсё ж супакоілася. Перад ёй было амаль усё такім жа, якім яна запомніла гэты дзіцячы пакой, калі клалася ў ложак.