У 1839 годзе быў завершаны Аўгустоўскі канал, які злучыў Нёман з Віслай.
У перыяд Другой сусветнай імя беларускай ракі ўвекавечылі ў назве эскадрыллі «Нармандыя – Нёман».
Вось некаторыя вехі гісторыі Нёмана. У непасрэднай блізкасці ад гэтай выдатнай ракі размешчана мноства славутасцяў, якія, па-за ўсякім сумневам, варта ўбачыць беларускім і замежным турыстам.
Фрагмент 5. З гісторыі Белавежскай пушчы: ад зламанай нагі караля да асаблівай самагонкі
Белавежская пушча размешчана на тэрыторыі дзвюх краін: Польшчы і Беларусі, і ўнесена ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Ну а яе беларуская частка якраз падзелена паміж дзвюма абласцямі, Гродзенскай і Брэсцкай.
Калісьці, яшчэ да стварэння ВКЛ, на тэрыторыі пушчы жыло ваяўнічае племя яцвягаў. Назва пушчы ўтворана, відавочна, ад нейкай «белай вежы», якой нярэдка аб'яўляюць менавіта старажытную валынскую вежу ў Камянцы, хоць дакладных звестак аб паходжанні назвы менавіта ад каменецкага «столпа» у даследчыкаў няма.
На тэрыторыі Польшчы знаходзіцца ўмоўная сталіца пушчы, вёска Белавежа.
Здаўна пушча была паляўнічымі ўгоддзямі каранаваных асоб. Пра паляванне тут караля польскага і найвышэйшага князя (supremus dux) літоўскага Уладзіслава Ягайлы паведамляецца ў працах знакамітага польскага храніста Яна Длугаша. Вядома, што ў час палявання ў пушчы Ягайла паламаў нагу, якую пазней доўга лячыў. Відаць, менавіта ўладца Польшчы і Літвы быў адным з манархаў-рэкардсменаў па колькасці часу, праведзенага ў лясах Белавежы.
Прыклад высакароднага (па нараджэнні, але не па характары) продка перанялі яго нашчадкі – Ягелоны. Вядома, што ў пушчы часта бываў Казімір Ягелончык.
Пасля Ягелонаў у пушчу наведваліся выбарныя манархі Польшчы і Літвы, напрыклад, кароль-паляўнічы Стэфан Баторый. Не цураліся палявання ў пушчы і каралі з дынастыі Ваза, а пазней саксонскія валадары краіны.
З Аўгустам III Саксонцам якраз было звязана маштабнае манаршае паляванне падчас якога было забіта, як можна прачытаць на спецыяльным абеліску, устаноўленым у гонар гэтай падзеі ў Белавежы, 42 зубры, а ўсяго 57 асобін з атрада капытных. Дарэчы, ужо ў часы караля гэтая «разня» была асуджаная сучаснікамі, і да падобнай думкі можа, праз гады, далучыцца і аўтар, якi наогул негатыўна адносіцца да забойства жывёл дзеля забавы.
Абеліск у гонар палявання Аўгуста III у пушчы.