Далей гісторык працягвае цытаваць летапіс.
«У Літве змоўшчыкі супраць Трэнёты ўжо падрыхтавалі глебу да прызнання сына Міндоўга вялікім князем: ″Литва же вся прияша и с радостью своего господичича″. Радасць, аднак, не была ўсеагульнай – праваслаўны князь не карыстаўся папулярнасцю ў Літве».
І зноў Баранаўскас дазваляе сябе, кажучы па сутнасці, адсябяціну, прыпісваючы супернікам Войшалка матывы, якія не пазначаныя ў дакуменце. Чаму менавіта праваслаўнае хрышчэнне князя павінна было ствараць яму ворагаў (ці пазбаўляць папулярнасці, як гэта называе Томас), а не мноства іншых фактараў, у тым ліку і лагічнае для феадалаў суперніцтва ў барацьбе за ўладу і рэсурсы?
Далей літоўскі гісторык апісвае падзеі, звязаныя з вакняжэннем у Літве Шварна Данілавіча і дастаткова абгрунтавана заўважае:
«Можна зрабіць выснову, што Навагрудскае княства Вайшалгас перадаў свайму суправіцелю і намечанаму спадкаемцу Шварну. Навагрудак, такім чынам, у 1264—1267 г. можна лічыць рэзідэнцыяй субманарха Літвы».
Хоць дзеля справядлівасці варта заўважыць: тое, што польскiя паслы заспелі Шварна ў Навагародку (ГВЛ дае такi эпiзод) не даказвае сталічнасць горада, але ўсё ж для таго, каб гаварыць, як гэта робіць Баранаўскас, пра рэзідэнцыю князя Шварна ў Навагародку ёсць некаторыя падставы.
Далей літоўскі спецыяліст зноў прадстаўляе чарговыя здагадкі.
«Нездарма баяўся Шварн ўлады ў Літве – Літва, якая згубіла дзесяць гадоў таму яго брата Рамана, з цяжкасцю прыняла праваслаўнага Вайшалгаса, Літва не была гатова падпарадкавацца чужому князю. Гэта не мела прэцэдэнта ў гісторыі сярэднявечнай Літвы. Княжанне Шварна ў Літве было кароткім, летапісец замоўчвае падрабязнасці, толькі коратка абагульняе: ″Княжащю же по Воишелце Шварнови в Литовьскои земли, княжив же немного лет, и тако преставися. И положиша тело его въ церкви святыа Богородица близъ гроба отня. Посем же нача княжити в Литве окаанныи, безаконныи, проклятыи и немилостливыи Троидени… ″. Смерць Шварна ў Холме кажа аб тым, што памёр ён, быўшы выгнаным з Літвы „акаянным“ Трайдзянісам».