Захад Беларусi: гiстарычны пазл - страница 4

Шрифт
Интервал


Калі пры Вітаўце і Ягайле Берасце хутчэй знаходзіцца ў цені Гароднi, то пры Казіміры Ягелончыку горад над Бугам ужо можна назваць як мінімум не менш важнай рэзідэнцый польска-літоўскіх манархаў. Па звестках польскіх гісторыкаў, менавіта ў Гродне Казімір атрымлівае прапанову стаць валадаром Кароны, а ў Брэсце згаджаецца ўзысці на сталец Польскага каралеўства, гэта значыць у перыяд праўлення Казіміра, Гродна і Брэст у чарговы раз «дзеляць паміж сабой» важную гістарычную падзею.

Казімір Ягелончык даволі шмат часу бавіў у берасцейскім замку, калі адпраўляўся з Кракава ў літоўскія землі, а таксама вяртаўся з Княства ў Карону.


Важным паказчыкам палітычнага статусу як Гродна, так і Брэста можна назваць колькасць сеймаў ВКЛ, праведзеных ва ўказаных гарадах дзяржавы. Звесткі даследчыкаў аб гэтых найважнейшых актах палітычнага жыцця дзяржавы даволі моцна адрозніваюцца. Існуюць розныя погляды на пачатак сеймаў, і часта менавіта Гродна аб'яўляецца месцам правядзення першага сейма, хаця некаторыя даследчыкі адлічваюць гісторыю склікання старадаўніх парламенцкіх асамблей Княства ад схода ў Віцебску, а іншыя ад збору шляхты ў Вільнi. Так ці інакш, у большасці публікацый сталіца ВКЛ Вільня паказваецца горадам, які прыняў найбольшую колькасць сеймаў краіны, а вось другое месца займае Брэст. Гораду над Нёманам дастаецца толькі бронза ў гэтай ганаровай гонцы. Падобнае ўзвышэнне Берасця было намечана, на думку аўтара, менавіта ў перыяд праўлення Казіміра Ягелончыка, які, аднак, памёр у сваёй гродзенскай рэзідэнцыі.

Такім чынам, грунтуючыся на статусе «другой сеймавай сталіцы» Вялікага княства Літоўскага можна казаць аб тым, што Брэст, у перыяд кіравання Казіміра Ягелончыка, а затым і Жыгімонта Старога, як мінімум не саступаў Гародне палітычнай вагой, а можа быць і пераўзыходзіў горад над Нёманам па сваім значэнні.

Аднак ужо ў канцы праўлення Жыгімонта Аўгуста альтэрнатыўны Вільні цэнтр палітычнага жыцця па-за ўсякім сумневам знаходзіцца ў Гродне, дзе праходзіць прыём буйных дэлегацый розных краін, паказаны на вядомай гравюры Гродна, аўтарства Мацея Цюндта, і збіраюцца сеймы краіны, на якіх кароль вядзе падрыхтоўку да уніі Польшчы і ВКЛ.


Прыём у Гродне турэцкага пасольства. Гравюра Цюндта, 1568 год.


Пасля аб'яднання краін у канфедэрацыю, уладаром нядаўна створанай Рэчы Паспалітай неўзабаве становіцца Стэфан Баторый. Менавіта асабісты выбар гэтага манарха, які вылучаў Гродна сярод іншых населеных пунктаў краіны, у значнай ступені абумовіў будучае ўзвышэнне яго любімай рэзідэнцыі, і гэта ў выніку дазволіла гораду над Нёманам абысці нават Вільню, стаўшы фактычнай сталіцай ВКЛ.