Гэтыя радкі, якія змяшчаюць нават указанне на наўмысныя падпалы, малююць самую сумную карціну, але горшае чакала стары горад пазней. Як ужо было сказана ў папярэдняй главе, стары горад Берасця быў знішчаны дзеля будаўніцтва крэпасці, якая заняла яго ўчастак.
Дамініканскі касцёл Брэста. Малюнак XIX ст.
Стары горад Гродна, які раскінуўся паблізу ад высокіх, прынёманскіх узгоркаў, увянчаных замкамі і старажытнай Каложай, гэты важны для ўсёй краіны куток даўніны, здольны прывабіць многія тысячы турыстаў, гэты чароўны міраж каралеўскай эпохі, як быццам усё яшчэ захоўвае многія рысы той даўняй, пазначанай у гісторыі, сталіцы ВКЛ, гэты горад над Нёманам, Горад узгоркаў – захаваўся, хоць і далёка не поўнасцю.
Але якім жа цудоўным мог быць стары горад Брэста, з яго храмамі і замкам, якія вырастаюць уверх, і лунаюць над астравамі. Горад накрыты маленькімі, разьбянымі шкатулкамі – дамамі мяшчан… Цяпер гэты Брэст жыве на старонках старых дакументаў, і ў чароўных, лічбавых рэканструкцыях, створаных энтузіястамі беларускай даўніны. Ён не загінуў поўнасцю, бо яго культурны код – гэта і культурны код беларускага народа, які стагоддзямі жыў у адным з найпрыгажэйшых гарадоў Вялікага княства Літоўскага.