– Усё так. Скажы, што гэта за ваўкі такія і што мне рабіць? Як паводзіць сябе з гэтымі людзьмі?
– А я скуль ведаю, што гэта за ваўкі? Адно скажу – пагаджайся. Наконт грошай яны не падманваюць. Вось, глядзі, што я купіла, – Ася пакруціла ў руках новы айфон. – І яшчэ шмат чаго.
– І што трэба рабіць?
– Ды нічога. Воўчыя сны бываюць у цябе? Гэта і ёсць гісторыя. Не ведаю, пад гіпнозам яны сняцца, ці што… Мне сніліся дзён дзесяць, потым спыніліся. Тады тройца прыйшла. Сказалі, што я павінна знайсці незнаёмца і расказаць працяг маіх сненняў. Але не той працяг, які я захачу, а той, які яны скажуць.
– Каму ты расказала?
– Нейкай негрыцянцы з месяц таму. Яна сядзела на прыпынку, прыгожая. Я і вырашыла ёй дапамагчы. Упэўнена, пасля тройца і да яе прыходзіла.
– А далей?
– Далей не было нічога. Сны скончыліся, гэтыя зніклі.
– І што будзе са зграяй Суу-Ардун у канцы? Што яны загадалі расказаць?
– Хто такія Суу-Ардун? Я расказвала пра іншую зграю. Яна загінула. А-а-а, – Ася шчоўкнула сябе па лбе. – Ты вырашыў, што я тваю гісторыю пераказваю? Усё не так – мы працягваем тое, што нам расказаў папярэдні апавядальнік. Не ведаю, як гэта працуе. Містыка нейкая… О, бачу да цябе прыйшлі “сябры”. Прабач, не хачу яшчэ раз сустракацца з імі. Бывай і памятай – з усім пагаджайся і ўсё будзе добра. І грошы атрымаеш, і сам цэлы застанешся.
Ася сышла і праз момант на яе месца сеў чарнявы з тройцы. Макс адчуў, што белабрысы з лысым стаяць ззаду.
– Табе нельга сустракацца з мінулымі апавядальнікамі. Іх час прайшоў, а твая гісторыя яшчэ не скончана. Вашы размовы могуць усё змяніць. А гэта дрэнна паўплывае на нашы дамоўленасці.
– Я хачу зразумець, што адбываецца. І хто вы такія…
– Не трэба нічога разумець. Ты сам адчуеш, калі прыйдзе час. Атрымаеш свае грошы, мы – сваю гісторыю. І ўсё.
– Хопіць з ім няньчыцца, – другім заўсёды пачынаў гаварыць бялявы. – Трэба правучыць, каб ведаў сваё месца. Тады і думкі дурныя ў галаву не палезуць.
– Не. Ён разумны чалавек, – мычанне лысага Макс мог бы пазнаць сярод тысяч іншых галасоў. – Ён усё зразумеў, так? А зараз нам трэба пабачыць працяг. Ты дазволіш?
Максім успомніў, як ён у мінулы раз пагадзіўся на такую прапанову і прачнуўся на наступны дзень.
– Не хачу!
Усхапіўся з месца і пабег да бліжэйшага прыпынку. Тройца не кранулася з месца.