– Не разумею. Яны што, забіваюць сваіх жа?
– Забіваюць. З-за гэтага ў іх зграі няма такіх, як я. Там усе вялікія і моцныя.
Грык засмяяўся.
– Хочаш сказаць, калі б ты нарадзіўся там, цябе б забілі?
– Так.
– І ўсё роўна хочаш, каб мы аб’ядналіся?
– Хачу. Бо інакш не выжыць. Яны жывуць так, як дазваляе ім жыць навакольны свет. Калі б на іх тэрыторыі было багата ежы, ніхто б не стаў рабіць тое, што робяць яны.
– І што яны сказалі наконт аб’яднання?
– Акіра, каралева зграі, пагадзілася. Аднак, яны дапамогуць не за так. Яна просіць перадаць ім чатыры нашы паляўнічыя надзелы.
– Гэта немагчыма! Дзе мы будзем паляваць? Тады і нам самім ежы не хопіць.
– Акіра сказала, што пасля бойкі з белымі нас застанецца так мала, што ежы хопіць тром зграям. Шмат каго заб’юць…
– Я разумею гэта. А што яна дасць узамен?
– Калі мы пагодзімся, то заўтра да нас прыйдуць шэсцьдзесят яе лепшых ваўкоў і будуць выконваць вашы загады. Яшчэ трыццаць пойдуць на выведку на землі белых. А на саму бойку яна абяцае прывесці ўсіх дарослых ваўкоў, акрамя ваўчыц-карміліц.
Аўк ляжаў побач з Грыкам і слухаў моўчкі. Ён, як і важак, ацэньваў прапанову так званай “каралевы”. Чатыры паляўнічыя надзелы – вялікая тэрыторыя, якая можа пракарміць шмат ваўкоў. І калі пагадзіцца на гэта, то зграя Суу-Ардун сама вымушана будзе ў будучым кантраляваць сваю колькасць. Хай і не такімі метадамі.
– Гаўл, ты сказаў, што яна прывядзе з сабой усіх дарослых ваўкоў. Старых таксама?
Адзінец апусціў галаву.
– Калі я прыйшоў у іх горад, то заўважыў там шмат старых. Іх пысы і цела пакрывалі шнары, хаця Алык-Ачын не ваюе з іншымі зграямі пятнаццаць гадоў. Ніводны ветэран не пражыў бы столькі. Я спытаў пра гэта Акіру і яна сказала, што калі ваўку спаўняецца трынаццаць гадоў, ён штогод павінен даказваць зграі сваю каштоўнасць у бойцы з ваўкамі такога ж узросту. Бойкі ідуць да смерці. Іншымі словамі – усе ваўкі зграі, якімі б старымі ні былі, могуць біцца.
Аўк узняўся на ногі і загыркаў.
– Гэта немагчыма. Мы заўсёды паважалі старых. Яны пражылі сваё жыццё так, каб пасля іх маглі добра жыць мы. Хай імі кіруе ваўчыца, хай яны забіваюць сваіх ваўчанят – з усім можна пагадзіцца. Акрамя забойства старых. Я супраць аб’яднання з гэтай зграяй, Грык. І калі ты думаеш іначай, то я не магу заставацца тваім сябрам і дарадцам. Бо, ты ж разумееш, у іх зграі я б даўно загінуў.