У 2002 Пошта Рэспублікі Беларусь выпусьціла ў абарачэньне марачны канвэрт «900 год. Барысаў». На марцы відарыс князя Барыса Усяславіча і год 1102, калі Полацкім князем быў заснаваны горад Барысаў. На полю маркі знаходзіцца малюнак Рагвалодавага каменя, які цяпер ляжыць ля Полацкай Сафіі. На камені каля шасьціканцовага крыжа высечаны словы: «ХС. Ніка. Гі (Госпадзі) помозі рабю своему Борісу».
«900 год. Барысаў». Марачны канвэрт пошты Беларусі, выдадзены ў 2002
Паступова на ролю лідэра на нашых землях пачало вылучацца Менскае княства. Менскі князь Глеб, паставіўшы мэту пашырэньня межаў сваіх зямель, уступае ў супрацьстаяньне з Кіеўскім князем Уладзімірам Манамахам.
Уладзімір Манамах (1053—1125). Блёк пошты Украіны, выдадзены ў 2003
Падчас паходу на нашы землі ў 1119 Манамах захапіў Менск. У выніку гэтага горад быў далучаны да Кіеўскіх уладаньняў ажно да сярэдзіны ХІІ – пачатку ХІІІ стагодзьдзяў. Глеб Усяславіч, трапіўшы ў палон, быў вывезены ў Кіеў, дзе ў палоне памёр.
Пасьля сьмерці Манамаха ў 1125 на Кіеўскі пасад заступіў старэйшы сын Мсьціслаў Уладзіміравіч (1076—1132). Змаганьне з Кіеўскім княствам працягвалася. Асабліва вызначыўся 1127 год, калі Кіеўскі князь з хаўрусьнікамі вялі наступ з чатырох бакоў. Палачане прызналі вяршэнства Кіева. Але гэты акт замірэньня і падпарадкаваньня так і не вырашыў дынастычных супярэчнасьцяў. Калі ў 1229 Мсьціслаў намерыўся выступіць супраць полаўцаў, то зьвярнуўся да палачанаў супольна выступіць у паход. Насуперак чаканага, Полацкія князі «з лаянкай» адмовіліся. У адказ пасьля пасьпяховага паходу супраць качэўнікаў, Мсьціслаў накіраваў на Полаччыну сваіх ваяроў. У гэты крытычны пэрыяд Полацкае веча не стала бараніць сваіх князёў і пагадзілася на мірнае вырашэньне канфлікту. Практычна ўвесь род Полацкіх князёў быў вывезены ў Кіеў, дзе адбыўся сымбалічны суд Рускіх князёў над Полацкімі Ізяславічамі. Паводле выраку, усе прадстаўнікі дынастыі разам з сем'ямі, былі сасланыя ў Бізантыю, дзе былі прызначаныя на службу ў войску.

Сьвятая Сафія. Марка пошты Турцыі, выдадзеная ў 2007
Пакараўшы Полацкіх князёў, Мсьціслаў атрымаў магчымасьць падпарадкаваць Полацкае княства. Але яго сьмерць у 1132 зноў зьмяніла палітычную сытуацыю на карысьць Полацку.
У гэтым жа 1101, калі памёр Усяслаў Чарадзей, у Полацкім княстве ў сям'і малодшага сына Усяслава Чарадзея Сьвятаслава-Георгія нарадзілася дзяўчынка, якой наканавана было стаць знакавай постацьцю для ўсяго сьвету. Праўда, гісторыкі падаюць розныя даты нараджэньня ўнучкі Чарадзея- і 1104, і 1110, і 1120… Дзяўчынку назвалі крывіцкім імем Прадслава. Калі ёй споўнілася дванаццаць гадоў і сталі сватацца жаніхі, Прадслава таемна ад бацькоў прыйшла ў манастыр і пад імем Эўфрасіньні прыняла пострыг, каб служыць Богу і свайму народу. І ўсё жыцьцё яна выконвала гэтую службу. Вымольвала ў Бога прабачэньне для яе народу, перапісвала Біблію, перакладала кнігі, адчыняла вучэльні, манастыры, храмы, вучыла дзетак… У «Жыціі…» апавядаецца, што ў сьне Эўфрасіньні зьявіўся Анёл, як і за руку прывёў яе ў прадмесьце Сяльцо і сказаў «Тут належыць быць табе». Эўфрасіньня перасялілася ў Сяльцо і заснавала ў ім жаночы Спаса-Эўфрасіньеўскі манастыр.