Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства - страница 18

Шрифт
Интервал


Тут па даручэньню Эўфрасіньні меркавана паміж 1152 і 1159 гадамі дойлід Іаан за трыццаць тыдняў будуе Спаса-Перамяненскую царкву, якую лічаць вяршыняй дойлідзтва Полаччыны. У кельлі гэтай царквы прайшла значная частка жыцьця Эўфрасіньні Полацкай і яе сястры.

Зьнешні выгляд храма не захаваўся. У 1833 яго перабудавалі да непазнавальнасьці. У 2015 годзе археолягі ўстанавілі, што храм у першапачатковым выглядзе быў значна большы. У свой час да яго былі прыбудаваны галерэі, а з боку ўваходу знаходзіўся крыты ганак – экзанартэкс.


Спаса-Эўфрасіньнеўскі Полацкі манастыр. Сучасны выгляд. Марка пошты Расеі, выдадзеная ў 2004


5 студзеня 2001 выйшаў у абарачэньне паштовы блёк «900 гадоў з дня нараджэньня Эўфрасіньні Полацкай».


Блёк «900 гадоў з дня нараджэньня Эўфрасіньні Полацкай», выдадзены поштай Беларусі ў 2001


На адкрытай старонцы словы з кнігі «Жыціе Эўфрасіньні Полацкай»: «Прыйдзіце ўсе, хто жыве ангельскім жыцьцём у пустэльнях…». Працяг гэтага сказу такі: «і ў гарах: старыя – адкінуўшы немач, маладыя – скачучы, быццам алені, – сыдзіцеся ўсе. Хачу бо даць вам трапэзу з такіх страваў, каб, паеўшы, узьвесялілі вы свае душы. Бо гэтая трапэза ад страваў нятленных – не тая, што дае асалоду гартані і чэрава насычае, але тая, што душу весяліць і розум умацоўвае на добрыя дзеі». «Жыціе Эўфрасіньні Полацкай» узьнікла ў канцы ХІІ ці ў першай палове ХІІІ стагодзьдзя і зьяўляецца асноўнай крыніцай зьвестак пра дзейнасьць і лёс славутай Полацкай асьветніцы, нябеснай заступніцы Беларусі. Аўтар Жыція невядомы. Справа ад партрэту Эўфрасіньні сучасны выгляд Спаса-Перамяненскай царквы.

Белпошта яшчэ двойчы прысьвяціла свае маркі Спаса-Перамяненскай царкве.


Спаса-Перамяненская царква на марках пошты Беларусі, выдадзеных у1992 і 2000


Храм расьпісаны ўнікальнымі фрэскамі, якія на 90 працэнтаў захаваліся. Усе роспісы выкананы ў тэхніцы па сырой вапнавай тынкоўцы, што забяспечыла захаванасць роспісу. Дзякуючы фрэскам вядомы першапачатковы выгляд царквы і верагодны партрэт Эўфрасіньні.

Пошта рэспублікі Беларусь у 2000 сумесна з поштамі Украіны і Расеі выпусьціла блёк «2000-годзьдзе Хрысьціянства». На адной з трох марак блёка (пасярэдзіне) знаходзіцца рэпрадукцыя дэталі фрэскі Спаса-Перамяненскай царквы Дэісус (Дээсіс або Дэізіс) Хрыстос у Велічы або Хрыстос Пантакратар на троне з кнігай.