Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства - страница 2

Шрифт
Интервал


Папараць-кветка Гісторыі Народу

Далёка тое, што ёсьць, і глыбока-глыбока: хто дастане яго?

(Эклезіяст 7:23)

Вялікае Княства… Вялікае Княства нарадзілася на нашай зямлі ў выніку многавекавога падарожжа нашых продкаў па пакручастаму шляху Гісторыі, дасягнула найвышэйшага росквіту, стаўшы ўзорам для іншых, заняпала і зьнікла, разадраная кіпцюрамі зайздросных і драпежных суседзяў. Але ня зьнікла бясьсьледна, на што разьлічвалі ворагі, а стала для сваіх нашчадкаў таямнічай папараць-кветкай Гісторыі Народу… І хто знаходзіць гэтую папараць-кветку, пачынае разумець мову сваіх продкаў, перад ім раскрываецца ўся прыгажосьць роднай зямлі і сэрца напаўняецца любоў да Радзімы…

Любоўю да Радзімы напісаны Палянэз Агінскага Ля-мінор…


Палянэз «Разьвітаньне з Радзімай». Блёк пошты Беніну, выдадзены ў 2015


У картушы надпіс на францускай мове: 250-годзьдзе з дня нараджэньня Міхала Клеафаса Агінскага, кампазытара, пісьменьніка і дыплямата (1765—1833). На полі блёку ўверсе слова POLONEZ, ніжэй – ноты і фрагмэнт Рацлавіцкай панарамы (Бітва пад Рацлавіцамі 4 красавіка 1794).

Словы да Палянэзу напісаў Сокалаў-Воюш. Там ёсьць такія радкі:

Сонца праменьне стужкай вузкай
Ператкала помны вечар.
Край бацькоўскі, край мой Беларускі,
Я табе кажу на разьвітаньне:
«Да спатканьня, да сустрэчы».
Постаць на ростанях краiны.
Ранiць думкi шлях абраны.
Прагне сэрца ў родныя мясьціны
I Радзiмы вобраз ажывае
Растрывожанаю ранай.
Волi прагнуць волi,
Воля сьвет i доля.
Бронi звон ды конi,
Конi – клiч «Пагонi».
Крочым з багны ночы,
З ночы шлях прарочы.
Зноў залунае наш штандар,
Палыхне ўначы пажар,
I паходнаю трубой
Зноў пакліча нас з табой
на мужны бой
Мая Радзiма
край адзіны.
Да яго з выгнаньня
Шлях вяртаньня шлях змаганьня.

Вясна. Зараджэньне, нараджэньне, дзяцінства, юнацтва (ад пачатку па XIV стагодзьдзе)

Спачатку былі… шляхі-дарогі

Шляx – тaкcaмa вялiкaя дapoгa, aлe мae знaчэньне бoлeй шыpoкae i ўжывaeццa ў caмым paзнacтaйным cэнce. Мoжa пpaлягaць нe тoлькi пa зямлi, a i пa вaдзe – вoдны шляx, нaвaт пa нeбe – Млeчны Шляx, шляx дa iншыx плянeт – зopны шляx. Ёcць яшчэ жыцьцёвы шляx, бaявы шляx, гicтapычны шляx, a тaкcaмa – шляx як нaпpaмaк дзeйнacьцi, cпocaб i cpoдaк, якiмi дacягaeццa мэтa. Васіль Вітка

Сонечны Падарунак з Глыбіні Стагодзьдзяў

Звычайна гісторыя краіны ў кнігах пачынаецца з датаў і падзеяў. Я пачну Гісторыю нашай краіны з сонечнага каменя – Сонечнага Падарунку з Глыбіні Стагодзьдзяў. Так называе бурштын старажытнарымскі вучоны Пліні Старэйшы ў сваёй «Натуральнай гісторыі» згодна з легендай аб тым, што бурштын нараджаецца з сонечных прамянёў. Пра бурштын існуе мноства легендаў у многіх народаў. Грэкі называлі бурштын электронам – па назве зоркі Электра з сям'і Плеяд ў Сузор'і Цяляці. У старажытных грэкаў бурштын выклікаў асаблівую цікавасьць сваёй здольнасьцю электрызацыі.