Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства - страница 3

Шрифт
Интервал


Самае раньняе пісьмовае ўпамінаньне пра бурштын – клінапіс на абеліску Х стагодзьдзя да Р.Х., які знаходзіцца ў Брытанскім музэі.

Бурштын – адзін з першых каштоўных камянёў, што здабывалі і выкарыстоўвалі як упрыгожваньне і як лекавы сродак нашы продкі яшчэ ў часы палеаліту (450—12 тыс. да Р.Х.).


Бурштын. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2009. Марка Латвіі, выдадзеная ў 2020


У легендах бурштын найчасьцей узгадваецца як сьлёзы ці то з нагоды гора, ці то з нагоды радасьці. Але насамрэч вучоныя кажуць, што бурштын – гэта сьлёзы дрэў у выглядзе смалы, што «плакалі» мільёны гадоў таму і якія застылі, утварыўшы сонечны камень.

Бурштын называлі золатам Поўначы, золатам Славянскім або золатам Прыбалтыкі за яго лекавыя ўласьцівасьці, за яго прыгажосьць і лёгкасьць у апрацоўцы і за легендарныя магічныя ўласьцівасьці. І з гэтай нагоды бурштын набыў яшчэ і уласьцівасьць тавару.

Бурштынавы шлях упершыню згадвае «бацька гісторыі» Герадот (484 – 425 да Р.Х.), хаця шлях дзейнічаў за тысячагодзьдзі да яго нараджэньня: вырабы з балтыйскага бурштыну былі знойдзены ў грабніцы Тутанхамона. Напрыканцы I тысячагодзьдзя да Р.Х. з пашырэньнем гегемоніі Рыма ў Міжземнамор’і найбольш важным стаў вываз бурштыну па Вісьле – Бурштынавы шлях, які меў адгалінаваньне на Заходні Буг, а з II стагодзьдзя да Р.Х. пралягаў гандлёвы Бурштынавы шлях або Вялікі сонечны шлях і па Дзьвіне і па Нёмне, аб чым піша Кулакоў Уладзімір у кнізе «Нёманскі Бурштынавы шлях у эпоху вікінгаў». Заходняя Дзьвіна была добра вядомая старажытным грэкам і рымлянам і называлася Эрыдан, Рубон, Дуна або Дзіна.


Бурштынавы шлях паводле Абрагама Артэліуcа з XVI стагодзьдзя. Блёк пошты Польшчы, выдадзены ў 1993


Гісторыкі выказваюць думку, што гэта Рымскі імпэратар Нэрон (37—68) -неўтаймаваны тыран і неабмежаваны марнатраўца – загадаў нейкаму свайму цэнтурыёну наладзіць пастаўкі бурштыну з Балтыкі ў Рым…

Камень з агнём у жылах

Бурштын і вырабы з бурштыну насельніцтва нашых земляў атрымоўвала з Прыбалтыкі ў абмен на крэмневыя прылады працы.


Першыя крэмневыя прылады працы. Марка пошты Джэрсі, выдадзеная ў 2010


Крэмневыя прылады працы ў вялікай колькасьці і высокай якасьці варабляліся, пачынаючы з ІІІ тысячагодзьдзя да Р.Х. у Краснасельскім комплексе (цяпер Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласьці) па здабычы і вырабу крэмневых вырабаў.