Гэта месцы, дзе дагэтуль захоўваюцца адно ці двухпавярховыя пабудовы з пляцоўкай зямлі, які кожны ўладкоўвае як хоча, але найчасцей гэта гарод.
Можа людзі там і знаходзяць месца для саду, альтанкі, аднак, калі ў цябе ёсць прыватная хата, то ў цябе абавязана быць сабака і кот. Бо гэта рай для жывёлы, чаго не скажаш пра жыццё нашых гадунцоў у кватэрах.
Гадоў у дзевяць, улетку, калі я адпачываў у бабулі, на мяне накінулася сабака сяброў. Яна сарвалася з ланцуга і пакусала мяне. Гэта быў дварняк памерам з каўказскую аўчарку. Зубы ў яе былі гэтак жа вострыя, толькі розуму менш. Пасля гэтага, кожны сабака мне ачужэў. Пачуццё жывёльнага страху адольвала мяне пры кожнай сустрэчы на дарозе нейкай сабакі..
Дзіўна, але чамусьці пасля ўкусу ніхто не выклікаў хуткай, хоць павінны былі. Я мог заразіцца шаленствам ці слупняком. Чаму пра гэта ніхто не падумаў? А можа падумалі, але вырашылі паберагчы мяне ад гэтых знакамітых сарака ўколаў у ягадзіцу. Ва ўсякім разе усё абышлося і хуткую дапамогу не давялося выклікаць мне яшчэ гады два ці чатыры.
Усе мае страхі, набытыя ў дзяцінстве, у большасці выпадкаў былі набыты ўлетку. Прыкладам, я дагэтуль баюся сабакаў. Ці пасля першай масавай бойкі імкнуся абыходзіць кампаніі людзей, якія выяўна выпілі.
І гэта пры тым, што ў мяне за плячамі пары гадоў тайскага бокса ды кожнага сабаку я ўжо даўно перамог у сваёй галаве.
Але былі страхі і іншага парадку. Гэта страхі з галавы. Цяпер, аналізуючы іх, не магу ўзяць да галавы адкуль яны з'явіліся.
Страх ліфта. А раптам праваліцца падлога ці чаго горш, ліфт сам пачне валіцца. Вельмі часта, па гэтай прычыне дахаты я падымаўся пешкі. А я жыў на сёмым паверсе.
Магло здарыцца так, што мне насніўся благі сон, злучаны з ліфтам. І ўсё, цягам наступных трох дзён, ліфт я абыходзіў бокам. І гэта можа здацца дзіўным, бо калі мы ехалі з сябрамі, то заўсёды пачыналі балаку. Мы скакалі, крычалі і разгойдвалі яго так, што было чуваць, як ён скрабецца аб сценкі. Страшнае, але вясёлае.
Ці быць можа вось гэтыя старыя ліфты, у якія ты заходзіш, і падрамнік падлогі адлучаецца ад самай падлогі. І вось, ты стаіш на платформе, а ў шчыліны паміж падлогай і сценкамі бачыш як аддаляецца шахта ліфту. Імкнешся заняць нейкае ўстойлівае месца ў ліфце, але разумееш, што гэта вельмі бязглузда, бо калі падлога адваліцца, то табе нават схапіцца будзе няма за што. Такое жыццё.