Урэшце рэшт Беркутаў бацька прыпыніў здзек над сям’ёй выгукам «Досыць!». Як ні дзіўна, упаўнаважаны паслухаўся яго і адпусціў малую. Яе тут жа схапіла ў абдымкі маці. Чэкісты выйшлі са двара Чубахаў і накіраваліся далей па вуліцы. На шчасце, брата Еўдакіі Дзянісаўны Пятра не было дома. Той, цалкам магчыма, не стрымліваў бы сябе, і загінуў, а заадно забраў з сабою б і ўсю сям’ю.
А ўвечар, яшчэ добра не сцямнела, Беркутаў бацька прыйшоў да Чубахаў адзін. Ён прабачыўся перад сям’ёй, затым паклікаў гаспадара хаты выйсці з ім на двор. Маці занепакоена зірнула на іх, але супакоілася пад цёплым позіркам старшыні. Той наўпрост запытаў у Чубахі-старэйшага, ці згодны ён пакараць чэкістаў, і кіўнуў у бок плота, за якім стаяла некалькі дзясяткаў аднасяльчан-франтавікоў. Але нічога не сказаў пра тое, што будзе, калі напад на чэкістаў пацерпіць няўдачу. Іх жа ўсіх разам з Цішкоўкай сатруць у пацяруху. Зрэшты, пра няўдачу ніхто не задумваўся, мужыкам карцела помсты, хто-ніхто з іх меў зброю, прыхаваную яшчэ з фронта на чорны дзень. Беркутаў бацька перастаў бы сябе паважаць, калі б дараваў упаўнаважанаму здзекі, перажытыя ім, над аднасяльчанамі. Не такой яму бачылася савецкая ўлада, якая не цаніла ані жыцця простага чалавека, ані яго цяжкую працу ў імя яе. І не такімі ўпырамі ўяўляў ён яе прадстаўнікоў. Атрымлівалася што: скінулі адных крывасмокаў, каб на карак узлезлі з нагамі другія, яшчэ горшыя за папярэдніх. Чэкісты з нарабаваным дабром і хлебам, не апасаючыся нікога і нічога, бо менавіта яны былі багамі новага рэжыму, на які мала хто асмельваўся рот разяўляць, а калі асмельваўся – шкадаваў тут жа: гільяціна рэпрэсій апускалася з смачным чвяканнем не толькі на яго самога, а на ўсіх, хто меў неасцярожнасць нават проста выпадкова кантактаваць з ім, – рушылі на ноч гледзячы дадому. А каго ім было баяцца? Бедну басоту, у якой нічога не засталося за душой, ні волі, ні характару? Менавіта такім чынам неабходна было пачынаць будаўніцтва новай краіны з самага пачатку: як шаўковыя былі б усе народнасці, што трапілі ў вялікі і магучы саюз рэспублік, вылізвалі б боты ўпаўнаважным не фігуральна і лепшых сваіх дзяўчат прапаноўвалі б на сподку з блакітнай каёмкай ў якасці падарунку і падзякі за светлае будучае, але ўпаўнаважаныя яшчэ б падумалі, ці прымаць гэткія падарункі, наладжвалі б спаборніцтвы сярод красунь дзеля выяўлення найбольш дастойных пасродкам іх майстэрства дагадзіць сапраўдным гаспадарам свету.