Ружовыя развагі ўпаўнаважанага ператварыліся раптам у чырвона-жоўта-фіялетавы калейдаскоп, што замігцеў перад вачыма з неверагоднай хуткасцю. Гэта нехта з цішкоўцаў пацэліў яму булавой у лоб. Яны падкраліся да канвоя чэкістаў ціхаю пантэрай праз лес, які ведалі змалку, які карміў і паіў іх, быццам родныя бацька і маці разам. Напад цішкоўцаў дый самі цішкоўцы нагадвалі ў тую хвіліну вольных лясных стралкоў Робін Гуда, а Беркутаў бацька якраз Робін Гудам і выглядаў. Нягледзячы на тое, што хто-ніхто з яго атраду меў агнястрэльную зброю, ён загадаў не выкарыстоўваць яе альбо толькі ў крайнім выпадку. Яны адолеюць ворага голымі рукамі, а родны лес дапаможа. Такім чынам найбольш рухавыя і спрытныя заскаквалі на коней да чэкістаў ззаду і спіхвалі тых на зямлю ці пераразалі ім гарлякі, а потым спіхвалі. Астатнія дабівалі. Ніводзін стрэл не прагучаў з абодвух бакоў. Чэкісты проста не паспявалі дацягнуцца да зброі. Упаўнаважаны так і не зразумеў, што здарылася, паваліўшыся з воза прабітай у некалькіх месцах галавой уніз да зямлі. Па ім яшчэ патапталіся коні. Трупы перацягалі ў глыб лесу і закапалі ў загадзя выкапаную глыбокую яму, зраўнялі з зямлёй і закідалі галлём. Хлеб і шмаццё ды рыззё занеслі ў бліндаж, што застаўся з вайны, замаскіраваны пад дрэвы ды кусты, там жа пакінулі зброю. Беркутаў бацька, як і астатнія аднасяльчане ведалі, што ім усім, у выпадку чаго, не жыць, таму не сумняваўся ні ў кім. Агульнае злачынства, а ён разумеў, што гэта злачынства, як бы іх учынак не выглядаў, лепш за ўсё аб’ядноўваў аднадумацаў. Коней было шкада, але ад іх давялося пазбавіцца. На мяса рэзаць не выпадала, бо пах выдаў бы ў першую чаргу. І старшыня ўласнаручна завёў іх у балота, дзе жывёліны і патанулі. Канешне, праверкі пасля знікнення канвою ў Цішкоўку зачасцілі, але ніхто так і не даведаўся з Кіраваграда – куды падзеўся канвой з хлебам. Знік, быццам Атлантыда. Цішкоўка ж выжыла, дзякуючы таму хлебу з бліндажа. Еўдакія Дзянісаўна ведала пра ўсё гэта не з чыіхсьці слоў, яна бачыла на свае вочы, як яе бацька некалькімі ўдарамі раскроіў чэрап упаўнаважанаму, а бацька Беркута аддаваў загады. Яна нячутна ішла па іх слядах і, як заварожаная, назірала за знішчэннем чэкістаў, нават памятала, як шаптала: «Так іх! Так іх, тата!..»