Беркутаў бацька таксама загінуў. У баі – «отвлекающем маневре» – дзеля выратавання ваеннапалонных з лагера. Не ўсім, зразумела, удалося ўцячы тады з палону, але партызанам пашанцавала ўратаваць сотні жыццяў цаною жыцця свайго камандзіра. Той адмыслова, здавалася, лез пад кулі. Загінула і маці Беркута. Яна была родам з Валыні. Вайна яе заспела там: гасцявала ў сваякоў, якія не пусцілі жанчыну дамоў, не дазволілі вярнуцца да мужа, бо лічылі небяспечным і доўгім шлях на Кіраваградчыну. Калі пачалася рэзня паміж палякамі і ўкраінцамі – маці апынулася быццам паміж молатам і кавадлам, папоўнішы і сваім целам той жудасны фарш дзеля мясарубкі смерці. Менавіта з таго часу Бандэру і бандэраўцаў называюць фашыстамі, бо гэта быццам бы ён аддаў загад на знішчэнне палякаў на Валыні. Зрэшты, Беркут даведаўся пра тое надта позна, каб рабіць нейкія лёсавырашальныя высновы Дый з бандэраўцамі не ўсё так адназначна, як іх падавалі, быццам чарцей на сподку, чэкісты і іх органы друку на стол савецкага народа. Таму ён і не пагадзіўся ў свой час на супрацоўніцтва з МГБ і адмовіўся ад камандзіравання ў Карпаты дзеля выяўлення бандфарміраванняў. Але тое ўсё яшчэ наперадзе.
У дзесяцігадовым жа ўзросце Беркут пакутаваў на зубны боль, які, здавалася, не пакіне яго ніколі і будзе суправаджаць да канца жыцця. Не ратавала анічога, хоць бійся галавой аб сценку, хоць падай плазам з вышкі ў рачную ваду. Неяк уначы боль стаў такім невыносным, што Беркут закрычаў, не ў сілах больш трымаць яго ў сабе, а слёзы пырснулі з вачэй, быццам кроў з раптам распоратага аб цвік сцягна. Ад таго болю ён нават страціў прытомнасць, тэмпература падскочыла, ахапіла ліхаманка. Маці потым казала, што сын трызніў цэлымі раздзеламі з кніг пра піратаў, ірваўся на абардаж і марыў загінуць за прыўкрасную Арабелу. Яго на руках дзед занёс на могілкі да паўшых герояў грамадзянскай вайны, паклаў на зямлю, нешта шаптаў, як шаман, зносіўся з мёртвымі, сыпаў на нерухомае цела ўнука якуюсь расталчоную ў ступе траву, расціраў яе ў яго на грудзях уперамешку з нечым ліпкім, уліваў у рот нейкую бурду, дзякаваў, годна схіліўшыся ў паклоне, усім чатыром бакам свету… Бацька не падтрымліваў дзедавы хітрыкі і зайграванні з прыродай, але яны дапамаглі Беркуту. З той ночы зубы ў яго не балелі ніколі. Яго немач назаўжды правалілася пад зямлю, і яе моцна трымалі нежывыя косці памерлых.