Выводзячыя свой радавод ад балцкіх продкаў Радзівілы і Пацы таксама адыгрывалі вядучую ролю ў палітыцы краіны. Пры гэтым прадстаўнікі эліты, зразумела, усяляк змешвалiся, фармуючы своеасаблівую «арыстакратычную сям'ю». Да прыкладу, Тэкля Валовіч даводзілася прабабкай найбагацейшаму магнату Рэчы Паспалітай Міхаілу Радзівілу Рыбаньку і, адпаведна, прапрабабкай «літоўскаму Мюнхгаўзену» Каралю Радзівілу Пане Каханку.
Акрамя продкаў літоўцаў і беларусаў, на пэўных адрэзках існавання ВКЛ, у эліце былі вельмі заўважныя члены польскіх родаў, напрыклад, Патоцкія.
Немалую вагу мелі прадстаўнікі нямецкай арыстакратыі, у прыватнасці: Дэнгафы, Тызенгаўзы і Плятэры.
Некаторыя магутныя славянскія роды, такія як Кішкі і Весялоўскія, выводзіліся з памежжа ВКЛ і Польшчы, і, адпаведна, тут дарэчная дыскусія аб іх этнічнай прыналежнасці.
Іншыя шляхетныя магнаты: Тышкевічы і Пацеі паходзілі з беларуска-украінскага памежжа.
У ВКЛ былі роды татарскага паходжання, дваранства з Маскоўскай Русі, уплывовы італьянскі род Сцыпіё-дэль-Кампа, і нават яўрэйская, паводле паходжання, шляхта.
І ўсё ж менавіта продкі беларусаў і літоўцаў далі Літве найбольшую колькасць уплывовых саноўнікаў.
Варта асобна згадаць найбольш магутных людзей, якія не належацлi да вялікакняскай дынастыі, але ўзнімаліся да ўзроўню фактычных ўладароў ВКЛ.
Велізарным аб'ёмам моцы валодаў, напрыклад, Мікалай Радзівіл Стары, які заклаў падмурак пад магутнасць свайго роду.
Бенедыкт і Казімір Ян Сапегі фактычна з'яўляліся некаранаванымі манархамі падчас гегемоніі іхняга роду ў Княстве, калі прадстаўнікі дома займалі амаль усе ключавыя пасады ў літоўскай частцы Рэчы Паспалітай.
З яшчэ адным «неафіцыйным манархам» звязана вельмі расцягнутая ў часе, займальная гісторыя.
У 1269 годзе нямецкія крыжакі сустрэліся ў бітве з літоўцамі на чале якіх стаяў вялікі князь Тройдзень. Сутыкненне адбылося побач з Ашэрадэнам. Рыцары пацярпелі даволі цяжкае паражэнне. Лівонская рыфмаваная хроніка паведамляе аб стратах, згадваючы, у прыватнасці, цікавага для нас, шляхетнага ваяра:
«Там Тызенгаўзен наш знатны,
Духам чысты і выдатны,
Душа на небе чакае малітвы,
А сам ён злёг у горане бітвы».
Прайшло больш за 480 гадоў і далёкі родзіч загінулага ў барацьбе з Вялікім княствам Літоўскім Тызенгаўзена, падскарбі надворны літоўскі Антоній Тызенгаўз, стаў фактычным намеснікам польскага караля ў Літве, гэта значыць, па сутнасці, уладцам народа, у барацьбе з якім калісьці загінуў яго сваяк.