Гэтыя дадзеныя і з'яўляюцца той самай жаданай інфармацыяй аб хрышчэнні князя-язычніка падчас праўлення ў старажытнарускім горадзе.
Адхіліўшыся ад прыцягнутых за вушы рэпрэсій і нейкага катарсісу, якім летапісец тлумачыць жаданне ўладцы хрысціцца, можна вылучыць менавіта інфармацыю аб прыняцці Войшалкам хрысціянства. Хрост валадара, безумоўна, сведчыць тут на карысць добраахвотнага прыняцця мясцовым насельніцтвам балцкага князя.
Праўда, паводле летапісу, хрышчэнне адбываецца пазней пачатку княжання, але гэта, на думку аўтара, ніяк не мяняе сутнасці: князь-язычнік быў ахрышчаны падчас кіравання ў хрысціянскім горадзе, прыкладна гэтак жа, як гэта адбылося ў выпадку Даўмонта Пскоўскага.
У такім кантэксце мае значэнне і дакладная інфармацыя ГВЛ аб падтрымцы Войшалка наваградцамі, калі той «узяўшы з сабою наваградцаў, пайшоў у Літву княжыць». Як бачна, жыхары Наваградка, з'яўляючыся ахвярамі рэпрэсій, пра якія пісаў Баранаўскас, чамусьці падтрымліваюць Войшалка. Ці не гаворыць гэта пра тое, што ніякіх рэпрэсій не было, а якраз наадварот: хрышчоны дзеля кіравання ў Наваградку Войшалк, стаў для славянскіх жыхароў рэгіёна сваім князем, такім, якім быў для пскавічоў літоўскі перабежчык Даўмонт.
Зразумела, паведамленне летапісу падштурхоўвае да таго, каб бачыць у хрышчэнні навагародскага валадара палітычны акт, а не проста спантаннае дзеянне. Войшалк, як вынікае з дакументаў, быў актыўным і не пазбаўленым разважлiвасці, палітычным і ваенным дзеячом – сынам свайго бацькі, хітрага і паспяховага тактыка. І таму рашэньні князя варта асэнсаваць з пазіцый палітычнага прагматызму.
Верагодна, зрэшты, што сама палітычная канцэпцыя магла быць вызначана Міндоўгам. У рамках такой сістэмы вярхоўны ўладар заставаўся паганцам (Міндоўг быў ім, нават фармальна прыняўшы каталіцызм), а яго блізкія сваякі, што валадарылi ў найважнейшых славянскіх гарадах, прымалі ўсходняе хрысціянства. Гэтая сiстэма тлумачыць хрысціянскае хрышчэнне братоў Тройдзеня. Яе можна бачыць i ў часы Гедыміна, калі яго сыны прымалі хрысціянства і кіравалі ў хрысціянскіх удзелах. Зразумела, тут можна ўказаць і на выключэнні з правілаў, як, напрыклад, паганства віцебскага князя Альгерда, якое, зрэшты, аспрэчваецца на падставе некаторых дакументаў, у прыватнасці, Сінодыка Кіева-Пячэрскай лаўры і гандлёвай дамовы Гедыміна з Лівонскім Ордэнам ад 1 лістапада 1338 года.