У сучаснай Рэспубліцы Літва дастаткова папулярная версія з паходжаннем імя краіны ад назвы дружыннікаў, што былі ў атрадах літоўскіх нобіляў. Такіх ваяўнікоў нібы звалі «лейчы». У гэтым выпадку тлумачэнне нагадвае версію з паходжаннем не зусім зразумелага славянам слова «русь», якім першапачаткова, як лічыцца, называлася варажская дружына скандынаўскіх манархаў, што кіравалі ўсходнеславянскімі землямі.
Маргінальная версія гаворыць аб паходжанні назвы Літвы ад славянскага племя люцічаў, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Германіі. Абгрунтоўваюць гэтую сувязь звычайна назвамі населеных пунктаў на землях Беларусі, беларускімі прозвішчамі з коранем «лют» ды іншымі, аналагічнымі па дарэчнасці, аргументамі.
Аўтар, мякка кажучы, скептычна глядзіць на падобныя развагі і прапануе прыхільнікам падобных тэорый запісаць у «спадчыну люцічаў» швейцарскі Люцэрн ці, да прыкладу, Пімпальгаон Лют у Індыі. Нашчадкам люцічаў, для людзей, якія разважаюць такім чынам, мабыць, павінен з'яўляецца і знакаміты нямецкі багаслоў Марцін Лютэр, а можа быць нават чарнаскуры змагар за правы афраамерыканцаў Марцін Лютэр Кінг. І вядома ж, у гонар люцічаў была названая кветка – казялец (люцік).
Кажучы больш сур'ёзна, варта адзначыць, што фанетычных супадзенняў, зразумела, недастаткова для вылучэння навукова абгрунтаванай гіпотэзы. Гісторыкі павінны карыстацца дадзенымі дакладных гістарычных дакументаў і дапаможных гістарычных дысцыплін, а не псеўданавуковым аналізам фанетыкі.
Капанні ў лексіцы гістарычных дакументаў увогуле з'яўляюцца любімым заняткам многіх гісторыкаў-маргіналаў.
Аўтар асабіста чытаў у інтэрнэце запісы некаторых аматараў гісторыі, якія цалкам сур'ёзна вяшчаюць пра адрозныя адзін ад аднаго народы лютаў, літванаў, літвінаў, лётаваў і іншых літванораў. Падобныя «народы» з'яўляюцца як следства разнабойнай перадачы замежнымі храністамі назову літоўцаў.
Думаць, што літваны і літоўцы з'яўляюцца рознымі народамі, гэта прыкладна так, як думаць, што замежнік які называе, да прыкладу, рускіх «рузькімі» гаворыць аб асобным народзе, а не проста перакручвае назву з-за няздольнасці яе правільна вымавіць.
Акрамя таго, прыхільнікі «люціцкай Літвы» могуць даваць спасылкі на псеўдагістарычныя працы аўтараў XIX-ХХ стагоддзяў, напрыклад, Паўла Шафарыка і Вацлава Пануцэвіча, якія ніколі не з'яўляліся кампетэнтнымі гісторыкамі.