Аўтар самастойна пераклаў дакументы, якія тут цытуюцца, выканаўшы, сярод iншых, рыфмаваныя пераклады.
Сканчаючы гэтае дакучлівае ўсхваленне ўласнай працы, аўтар хоча прысвяціць некалькі слоў сваёй папярэдняй кнізе пра ВКЛ, якая мае назву «Вялікае княства Літоўскае і беларускі нацыянальны міф».
Чытач быў настолькі паблажлівы, што добра прыняў тую працу, таму яе стваральнік ад душы кажа дзякуй усім, хто прачытаў кнігу і застаўся задаволены. Ну а тым, каму кніга ўсё ж не спадабалася – дзякуй за выдаткаваны час.
Чытачу незнаёмаму са згаданай кнігай, аўтар, зразумела, раіць яе прачытаць.
Асаблівае задавальненне аўтару даставіла ўвага да яго мінулай працы з боку мэтраў айчыннай навукі, у прыватнасці, водгукі Вячаслава Леанідавіча Насевіча, якога аўтар чытаў яшчэ ў школьныя гады.
Застаецца спадзявацца, што і гэтая праца прыцягне ўвагу калег. Хоць кніга, як сказана вышэй, арыентавана на масавага чытача і не ўтрымоўвае велізарнага масіва новых дадзеных, яе тэкст, як таксама было адзначана раней, паказвае дэканструкцыю ўстояных міфаў, што, тэарэтычна, можа быць цікава не толькі аматарам гісторыі, але нават некаторым прафесіяналам.
Ну вось, дарагі чытач, хопіць лішніх слоў! Прыйшоў час для пытанняў і адказаў!