36 пытанняў па гісторыі Вялікага княства Літоўскага - страница 8

Шрифт
Интервал


Генетычныя даследаванні таксама пацвярджаюць «варажскую версію» паходжання Рурыкавічаў, то бок кажуць аб паходжанні Рурыка аднекуль з наваколляў старажытнага шведскага горада Упсалы, дзе ўсё яшчэ ўзвышаецца самы велічны гатычны сабор Швецыі, які стаў магільным склепам тамтэйшых манархаў.

Зразумела, да інтэрпрэтацыі дадзеных генетычных даследаванняў гісторыкам трэба падыходзіць з вялікай асцярожнасцю, бо гэтыя звесткі нельга пацвердзіць праз вывучэнне гістарычных архіваў, а самі спецыялісты-генетыкі нярэдка супярэчаць адно аднаму. Вядома, што ў межах генетычнага даследавання беларусаў часам аб'яўляюць балтамі, а часам славянамі.

Прымаючы або адхіляючы скандынаўскае паходжанне вялікага князя Шварна, нельга, аднак, абгрунтавана адмаўляць прысутнасць скандынаваў на троне ВКЛ, бо ўладарамі Літвы былі прадстаўнікі шведскага каралеўскага дома Ваза (Васа), а менавіта: Жыгімонт III, Уладзіслаў IV і Ян II Казімір.

Літвой таксама валадарыў венгерскі арыстакрат Стэфан Баторый, чый род быў даволі цесна звязаны з родам Улада Цэпеша, прататыпа літаратурнага Графа Дракулы.

Прататыпам літаратурных персанажаў быў і яшчэ адзін вялікі князь літоўскі, а менавіта Генрых Валуа – кароль Францыі і брат Маргарыты Валуа: знакамітай «каралевы Марго», з твораў Аляксандра Дзюма.

У пераліку вялікіх князёў літоўскіх знаходзяцца прадстаўнікі трох польскіх арыстакратычных родаў: Ян Сабескі, Станіслаў Ляшчынскі і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Каралі польскія i вялікія князі літоўскія Аўгуст Моцны і Аўгуст III належалі да нямецкага роду Вецінаў.

Немалую ўладу ў ВКЛ мела вялікая княгіня Бона Сфорца, з італьянскага роду, прадстаўнікі якога былі мецэнатамі вялікіх людзей мастацтва, у прыватнасці, самага знакамітага мастака ўсіх часоў – Леанарда да Вінчы.

Бона, не з'яўляючыся манархам фармальна, аказвала значны ўплыў на жыццё краіны. Гэтая прадпрымальная жанчына здолела зарабіць у Літве вялікія грошы, дзякуючы сваім добрым эканамічным рэформам.

Падобная прадпрымальнасць і ўплыў Боны на палітыку яе мужа Жыгімонта I і сына Жыгімонта Аўгуста настолькі не падабаліся літоўскім і польскім магнатам, што благая слава трымалася і праз 82 гады пасля смерці каралевы, калі ўплывовы польскі вяльможа і князь Свяшчэннай Рымскай імперыі Каспер Дэнгаф называў каралеву польскую і вялікую княгіню літоўскую Цэцылію Габсбург «бонкай», гэтым намякаючы на жаданне Цэцыліі мець рэальную палітычную ўладу, падобна Боне Сфорцы.