З цягам часу, асвойваючы новыя тэрыторыі, полацкія памежныя крэпасці-фарпосты станавіліся гарадамі, якія ўсё менш і менш падпарадкоўваліся Полацку, а затым некаторыя з іх і самі сталі цэнтрамі дзяржаўных утварэнняў, самымі вядомымі з якіх з'яўляюцца Вільна, Гародня, Віцебск, Друцк, Тураў. Але на тэрыторыі Беларусі і сумежных з ёй краін да цяперашняга часу захаваліся адзнакі памежных пунктаў і рубяжоў Полацкай зямлі: рака Мяжа – левы прыток Заходняй Дзвіны, Рубеж на поўдзень ад р. Мяжы, яшчэ адзін Рубеж, Канец, Сцеражнёва, Рубяжніна, Межнікі на поўдзень ад Стараселля, Рубежнікі на р. Суле, Раўковічы на поўдзень ад Лоска, Равы на паўночны захад ад Крэва, Межы, Вялікія і Малыя Межы на р. Рыбчанцы, Межавіцы, Рубежнік на р. Вялікай, Межава на захад ад воз. Нешчадра, Межніцы на паўночны захад ад яго, Мяжэева на захад ад воз. Ужо, а таксама шматлікія Гарадзішчы, Гарадкі, Гарадцы і Гарадзеі, бо, як сведчыць М. Доўнар-Запольскі «старажытнарускія князі будавалі памежныя умацаванні, меўшыя назвы: Гародок, Гарадзец, Гарадзішча, Гародня, Рубеж, Зарубежжа і т.п.».
Такім чынам, першы раз у сваёй паўтаратысячагадовай гісторыі Полацк быў памежным адносна невялікі час.
4 (15) студзеня 1772 г. у Санкт-Пецярбургу паміж Расійскай імперыяй і Прускім каралеўствам была заключана сакрэтная Канвенцыя аб падзелу Рэчы Паспалітай, згодна з якой імператрыца расійская жадала далучыць да сваіх уладанняў частку тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (ВКЛ), у прыватнасці, правабярэжжа Заходняй Дзвіны – Віцебскае ваявоцтва і частку Полацкага ваявоцтва. У выніку такога «далучэння» новая мяжа паміж дзвюма дзяржавамі павінна была прайсці па рацэ Заходняй Дзвіне.
Таксама ў гэты ж дзень Расія і Прусія падпісалі союзную канвенцыю «адносна ўтрымання дапаможнага корпусу, які будзе з тага і другога боку пасланы».
Заключыўшы гэтыя дзве канвенцыі, Расія і Прусія пачалі перамовы з Аўстрыяй з мэтай далучэння той да падзелу Рэчы Паспалітай. Посля нядоўгіх перамоў Аўстрыя, праявіўшы, на словам прускага караля, «драпежніцкі апетыт», пагадзілася далучыцца да «падзелу здабычы». Узамен за гэта яна адмаўлялася ад саюзу з Асманскай імперыяй, якая ў той час выявала з Расійскай.
Канчаткова дамоўленнасць «імперскіх драпежнікаў» была зацверждана падпісаннем 25 ліпеня (5 жніўня) 1772 г. у Санкт-Пецярбургу паміж Расіяй і Прусіяй, а таксама паміж Расіяй і Аўстрыяй канвенцый, якія вызначылі памер кавалкаў, аддзіраемых ад Рэчы Паспалітай.