Мяжа 1772 г. Карта Тобіаса Лоттэра
У выніку гэтага першага падзелу Расія атрымала ўсходнюю частку цяперашняй Беларусі паміж рэкамі Заходняя Дзвіна, Днепр і Друць – часткова Полацкае, Віцебскае і Мсціслаўскае ваявоцтвы ВКЛ, а таксама Літоўскую Ліфляндыю – Інфлянцскае ваявоцтва ВКЛ. Амаль адразу ж сюды былі ўведзены расійскія войскі і на гэтыя тэррыторыі было распаўсюджана дзеянне заканадаўства Расійскай імперыі. Так, Указам ад 6 (17) жніўня 1772 г. «Аб уключэнні ў склад Расійскай імперыі адыйшоўшых ад Польшы тэрыторый па першаму падзелу Польшы» графу З. Г. Чарнышову загадвалася:
«1. У перыяд з 1 (12) верасня па 7 (18) верасня 1772 г. заняць войскамі і устанавіць рускую адміністрацыю на адыходзячай ад Польшы тэрыторыі (Беларускае намесніцтва).
2. Абнесці слупамі з імператарскім гербам усю прастору новых межаў.
3. Прызначыць тэрміны ўрачыстай прысягі насельніцтва на падданства Расійскай імперыі.
4. Прыняцца за арганізацыю дзвюх губерняў (Полацкай і Магілеўскай) з адыйшоўшых ад Польшы тэрыторый.
5. Пачынаючы з 13 верасня (дня канчатковага заняцця рускай адміністрацыяй Беларусі) збіраць у дзяржаўную казну ўсе падаткі і іншыя паступленні на указанай тэрыторыі».
Такім чынам, Указам ад 6 (17) жніўня 1772 г. і імянным Указам №13850 ад 16 (27) жніўня 1772 г. «Беларускаму генерал-губернатару» графу З. Г. Чарнышову неабходна было «абнесці ўсю прастору новых межаў ад адного краю да другога слупамі, з Імператарскім Нашым гербам, каб пасля ў прыватных межах з Літоўцамі нідзе спрэчкі заставацца не магло». Прычым, у пачатковым і канечных пунктах новай мяжы абедзве дзяржавы павінны былі усталяваць кожная на сваім беразе памежных рэк каменныя памежныя слупы з дзяржаўнымі гербамі.
Для выканання Указаў імператрыцы полацкай губернскай канцэлярыяй былі выдадзены адпаведныя прадпісанні:
«Брыгадзіру Друманту
№40 ад 30 жніўня 1772 г.
Ад імя майго аб'яўляю і перадаю… Вам найвысачайшую Яе Імператарскай Вялікасці волю па далучэнню польскіх правінцый да Расійскай імперыі.
Ваша Высокароддзе, быўшы ў Дынабургу, Вам выканаць наступнае:
…Вырабленныя з расійскім гербам слупы таго ж самага дня паставіць пры беразе ракі Дзвіны на бачных узвышшах па абодва бакі ад гораду Дынабургу, а іншыя – з вызначанным нарачным афіцэрам адправіць на падводах для устаноўкі па ўсяму ваявоцтву Інфлянцкаму, что цяпер называецца Дзвінская правінцыя, праз адну мілю».