Бусины памяти. Мои маленькие рассказы и впечатления - страница 10

Шрифт
Интервал




Прыйшлі да гаспадыні ў хату, яна і кажа: «Сення цэлы дзень дапамагала гатаваць на вяселлі, печку толькі раніцай паліла, халаднавата».

Дома ў гаспадыні была дачка. Прыгожая маладая дзяўчына. Яна грэлася на печы, бо калі дабіралася дамой з горада, замерзла, а яшчэ крыху падмарозіла рукі, таму і не пайшла на вяселле.

Спачатку мы распранулі нашага госця-недарэку, а так як ён лыка не вязаў ад перапоя і ад холада, то яго закінулі на печку. Мяне і Вольгу паклалі ў спальню на вялікі жалезны ложак. А каб не зябка было, гаспадыня паверх коўдры кінула кажушок. Іра са Светай леглі на канапе ў вялікай залі, а хлопцы ўлягліся паасобку на раскладных крэслах-ложках. Хутка ўсе ўгаманіліся і паснулі.

І вось сярод ночы чую, нехта цягне наш кажушок. Я ўхапіла яго з усей сілы, а потым і Вольга за мной. А гэта нашы хлопцы на сваіх вузенькіх крэслах пакалелі і вырашылі ўкрасць наш кажушок. Не ўдалося, адваявалі. Сон як рукой зняло, пачалі смяяцца, усе прачнуліся, гаспадыня таксама. Хлопцы, каб цяплей было спаць, паздзвігалі свае крэслы, гаспадыня прынесла ім яшчэ коўдры – сагрэліся, угаманіліся.

Раніцай мы прачнуліся ад таго, што нашы хлопцы рагаталі так, што трэсліся сцены. Аказалася, што на печы, куды мы запіхнулі нашага недарэку, спала старая сляпая і глухая бабуля. А наш дурань падумаў, што гэта дачка гаспадыні. А як разабраўся, то кулем скаціўся з печы. Потым гэты выпадак яму доўга нагадвалі і смяяліся.

Потым мы пайшлі зноў на вяселле, дзе гулялі гадзін да трох. Затым пачалі збірацца да жаніха.

Перад тым як з’ехаць, жаніх павінен выкупіць у малодшых брата ці сястры маладой, падушкі. А падушкі ў весцы вялікія, мягкія, з гусінага пуха. Вось такія падушкі складваюць горкай, прыгожа перавязваюць рознакаляровымі стужкамі, а зверху на іх садзіцца малое і патрабуе грашовы выкуп. Потым выкупленныя падушкі малады нясе ў машыну.

А яшчэ, каб вялася гаспадарка ў маладых, трэба ўкрасці з бацькоўскага дома маладой курыцу, альбо пеўня. Вось і пайшлі хлопцы красці кур. Куры справілі гвалт, певень ўцек, але ж адну курку злавілі. У пер’і, з падрапанымі рукамі выйшлі с куратніка. Крылы куркі звязалі і ў машыну – на развод гаспадаркі. Ну, падушкі на месцы, курка таксама, забралі жаніха з нявестай і паехалі. У жаніха пагулялі крыху, ды сышлі. Бо 31 снежня, трэба сустракаць Новы год. Але гэта ўжо іншая гісторыя.