Уладар рыбаў - страница 19

Шрифт
Интервал


Ён ніколі не баяўся завесці гаворку з упадабанай дзяўчынай – словы знаходзіліся самі сабою, а зараз проста зніякавеў, стаў міжволі церабіць гузік на куртцы і ледзьве не ўсмоктваць цыгарэту – ведаў, што банальным зваротам можа ўсё азвычайніць. Вінусь разумеў, што трэба нешта рабіць, бо зараз прыйдзе транспарт і ён можа больш ніколі не пабачыць гэтую дзіўную незнаёмку, што вось так проста скончыцца нечаканая яркая казка і… «Злазь у кішэню за словамі, мо што знойдзецца», – бы муха на вуха зумкнула. Падуладны нечаму неўсвядомленаму, Вінусь у прадчуванні цуду апусціў руку ў кішэню, аднак намацаў там толькі запальнічку. З роспаччу дастаў яе й пабачыў надпіс: ВOJENА. «Бажэна!» – вырвалася ў яго. Дзяўчына пайшла ўжо да пад’ехаўшага тралейбуса, але азірнулася на нечаканы ўсклік.

– Мы знаёмыя? – запыталася яна.

– Н-не, так… так… Мы дамовіліся сустрэцца тут і разам растапіць апошні зімовы лядзяш, – нечакана для самаго сябе знайшоўся хлопец. Дзяўчына засмяялася:

– I як завуць ратавальніка вясны?

– Вінсэнт.

– І ўсё-ткі адкуль вы ведаеце маё імя?

– Вясна на вуха шапнула, – пасмялеў хлопец. Як фокуснік дастае з рукава рознакаляровыя хусцінкі, так ён пачаў незаўважна і ненавязліва разгортваць сваё абаянне. Бліскучыя жарты і трапныя адказы на дзявочыя рэплікі зрабілі сваю справу – незвычайныя вочы Бажэны глядзелі на яго з дзіцячай цікаўнасцю.

Яны ўжо забыліся, што некуды спяшаліся, і паволі ішлі па парку, размаўляючы. Нейкі дзядок, апрануты ў чорнае рызманнё, з ярка-пунсовай насоўкай, што тырчэла з кішэні старога звалялага пінжака, відно на падпітку, запытаўся:

– Вы часам ці не брат з сястрою? Такія падобныя, вой-вой-вой.

– Ды не, – пасміхнуўся Вінусь, гледзячы на дзяўчыну.

– Дзетачкі, дайце колькі рублёў – на хлеб не хапае.

– А на гарэлку, значыць, дастаткова, – сказаў хлопец, аднак грошай даў.

Бажэна таксама працягнула яму паперкі, аднак адчувалася, што ёй неяк няёмка.

Дзядок раптам спрытна схапіў пяшчотную дзявочую далоньку сваімі парэпанымі, бруднымі пальцамі, з чорнымі абламанымі пазногцямі, зірнуў на яе.

– Чакае цябе нешта, – трывожна прамовіў ён.

Бажэна інстынктыўна адхіснулася ад яго.

– А не палохайцеся, дзеткі, дурня старога. Дай жа вам і ў ручкі, і ў ножкі, дый туды трошкі, – пайшоў ён, падкульгваючы ды мармычучы. Дзяўчына камячыла ў руцэ снежку і нярвова пакусвала вусны, стараючыся зладзіць з эмоцыямі.