Мястэчка - страница 24

Шрифт
Интервал


– Ну як, – здзіўлялася Таня, – мы прыйшлі ў госці і занялі гаспадарскі ложак. А раптам ён таемны маньяк. Вычакае зручны момант і як накінецца на нас…

– Хто, Пінокіа? – засмяялася Даша і доўга не магла спыніць дурны смех, заразіўшы ім і сяброўку.

– А чо ржом? – на секунду спыніўшы прыступ смеху, сур'ёзна спытала Таня. Яе выраз твару яшчэ больш рассмяшыў Дашу. Яна смяялася, не перастаючы, некалькі хвілін. Ад яе не адставала і Таня. Потым смех знік, гэтак жа раптоўна, як і пачаўся. Дзяўчыны прыцішэлі, вочкі іх заплюшчыліся самі па сабе.

Пінокіа хацеў паказаць ім калекцыю паштовых марак, татаў гонар, гэта ён збіраў маркі, але, пакуль шукаў альбом з маркамі, а да гэтага анальгін, таму што зламаны зуб разбалеўся, а яшчэ раней акуляры, спазніўся, аднакласніцы заснулі. Іх змарыла сонца, якое ўпарта лезла ў акно, а ложак скраў у сон. Ды і не патрэбныя ім гэтыя маркі.

Эпізод 8

Ці думаў калі-небудзь Пінокіа, што Даша Белая апынецца ў яго пакоі, ды не адна, а з Таняй Паўлоўскай? Ці марыў пра такіх госцяў? Так, марыў. Даўно хацеў запрасіць Дашу, не да сябе, а хоць бы ў кіно для пачатку. Аднак не рашаўся і падысці. Баяўся: засмяюць. Яшчэ болей пачнуць здзекавацца. Як Даша на такога паглядзіць? Хто ён такі для яе? Хутчэй за ўсё пустое месца. Але Коля не мог быць падобным на Кастальцава ці на Хвалея, якія падабаліся дзяўчатам незразумела за што. Абмежаваныя, тупыя, падонкападобныя, яны пагарджалі любой праявай цікаўнасці да мастацтва і творчасці ў цэлым, ні ў што не ставілі дзяўчат, але, калі трэба, заступаліся за іх і біліся люта і адчайна. Можа, за апошняе іх і шанавалі? Можа, у гэтым прычына? Жанчына выбірае таго, за кім, як за мурам? Коля ніколі не біўся, нікому не адказваў ударам на ўдар калі білі; калі шанцавала, уцякаў, але чытаў кніжкі пра смелых і высакародных людзей, захапляўся мушкецёрамі. Ды адна справа захапляцца мушкецёрамі, іншая – стаць імі. Пінокіа бракавала пораху змяніцца, пасмялець. Страх, які пасяліўся ў падсвядомасці яшчэ з дзяцінства, што ты нашмат слабейшы за тых, хто цябе крыўдзіць, знішчаў у зародку спробы выкараскацца з яго логава. Нібы цвікамі, пазабіваў усе выхады. Яму вельмі карцела быць моцным і адважным, каб Даша звярнула на яго ўвагу, хаця б усміхнулася ці кіўнула, калі Коля з ёй вітаўся. Ён сам не разумеў, як так выйшла, што яго нага раптам апынулася на шляху Хвалея і той спатыкнуўся. Чым, несумнеўна, дапамог Дашы. Чаму Хвалей наогул уз'еўся на Белую? Не за эмаўскі ж прыкід. Тут штосьці больш сур'ёзнае. Зрэшты, Хвалей да ўсіх чапляўся, сцвярджаў так званы аўтарытэт. Хто мацнейшы, той і правіць балем, як той казаў. Аднак толькі слабыя духам крыўдзяць дзяўчат.