Мястэчка - страница 26

Шрифт
Интервал


– Смачна есці! – сказала.

Пінокіа сеў насупраць, але есці не спяшаўся, зачараваны тым, як ела Даша. Яна спрытна і хутка паглынала ежу, з зайздросным апетытам, і так хораша, як гэта можа рабіць сапраўдная лэдзі, а не правінцыйная школьніца.

– Хопіць тарашчыцца! – не заўважыць Колінага позірку дзяўчына не магла. – Еж давай! Вельмі смачна, між іншым!

Калі пілі гарбату, Даша спытала:

– А чым, ты, Пінокіа, па жыцці займаешся? Усё кніжкі чытаеш?

– Чытаю, – адказаў Коля.

– Чытачом будзеш? Новую прафесію вынайшаў?

– А табе не падабаюцца кнігі?

– Гледзячы якія. Хоць чытаць я, праўда, любіла.

– Што, разлюбіла?

– Амаль. Хлусня ўсё. Не ўзапраўду.

– А я вось пісьменнікам хачу быць, – прызнаўся Пінокіа.

– Ну, і сцяг у рукі, – адказала Даша і тут жа спытала: – А ты чакаў нейкай іншай рэакцыі?

– Так, не, – паціснуў плячыма Коля. Раптам напружыўся (Даша нават спалохалася, што яму дрэнна зрабілася з-за яе рэплік) і выдаў на адным дыханні: – А давай пойдзем у кіно…

– Навошта? – Яе адпусціла. Прапанова аднакласніка не здзівіла Дашу. Яна проста не бачыла ў ёй сэнсу.

– Ну, як… – разгубіўся Пінокіа. Ён не спадзяваўся на станоўчы адказ, але ўсё адно быў збянтэжаны, плечы апалі. – Кіно паглядзець там… – усё ж прамямліў.

– Тое, што ты патрымаеш мяне за ручку ці пагладзіш па каленцы, нічога не зменіць, – сказала Даша. – Ты мне не падабаешся, Пінокіа, выбач, канечне. За хаўчык дзякуй. За падножку Хвалею дзякуй. І на гэтым усё. Навучыся даваць здачы, Пінокіа.

– Толькі ў гэтым уся справа? – ледзь стрымліваючы здрадлівыя слёзы, крывячы вусны, выдыхнуў Пінокіа.

– Не толькі, – сказала Даша. – Але адна з галоўных. Добра, мне пара, – зазбіралася сыходзіць.

– Я цябе праводжу, – вызваўся Коля.

– Не трэба, – спыніла яго Даша. – У нас не бандыцкі Пецярбург і яшчэ светла. – Абула красоўкі. – Ну, пакуль і дзякуй за ўсё яшчэ раз.

Яна нават цмокнула Колю ў шчаку, пакінуўшы след ад губной памады, але сышла. Зачыніўшы за ёй дзверы, Пінокіа аб'ехаў па дзвярах уніз, на кукішкі. Пабеглі кропелькі слёз па шчаках. Карцела выць плачма, але хлопец прымусіў сябе супакоіцца. Ён знайшоў татаву заначку, схаваную ад мамы, непачаты пачак «Космасу» (мама не любіла тытунёвы дым, а тата сказаў ёй, што кінуў, хоць курыў па-ціхаму), уключыў на поўную «Группу крови» Цоя і закурыў, няўмела, адкашліваючыся. Коля скурыў такім чынам тры цыгарэты запар, але палёгка не прыйшла.