Мястэчка - страница 25

Шрифт
Интервал


А Даша з Таняй спалі, як у сябе дома. Таня ў сне ўткнулася носікам у Дашыну шыю. Яны ляжалі тварам адна да адной, нават неяк прыабняўшыся, нібы родныя.

Так, мара спраўдзілася. Дзяўчаты ў яго. А Пінокіа не ведаў, што з імі рабіць і як сябе паводзіць. Таму яны і спалі. Упэўненыя, што ён не патурбуе іх, а значыць, не ўспрымалі яго ўсур'ёз. Ім нават неўздагад, што адна з іх падабалася яму. Аднак што з гэтым рабіць Коля і сам не разумеў. Сядзеў на зэдліку каля ложка і глядзеў на дзяўчат, уяўляў, што ім можа сніцца ці хто. Так і праседзеў да чатырох гадзін дня, як верны сабака, які ахоўвае сон гаспадыні.

Першай расплюшчыла вочы Таня.

– Блін, колькі часу? – адразу запытала.

Пінокіа адказаў.

– Ты тут гэта… не сваволіў? – пералезла праз Дашу, звесіла з ложка ногі, зазіраючы ў Коліны вочы.

– Блін, Паўлоўская, па нагах, як па бульвары, – прабурчала Даша, прачынаючыся.

– Харэ дрыхнуць, – ускубнула тую Таня, – праспім усё на свеце.

– Затое выспаліся, – адгукнулася Даша, калі пачула, якая гадзіна. – А ты куды? – спытала сяброўку, бачачы, што тая збіраецца сыходзіць.

– Гэта вам добра, вольным людзям, – адказала Таня. – А ў мяне рэпетыцыя а пятай.

– Можа, перакусіш? – прапанаваў Пінокіа.

– Не, дзякуй, – адмовілася Таня, неяк паважліва зірнуўшы на аднакласніка, не так, як на цямцю-лямцю, ці Коле гэта падалося? – Мяне Мікалай Міхайлавіч пачастуе бутэрбродамі пасля рэпетыцыі. Пакуль нельга.

– Ён табе бутэрброды носіць? – здзівілася Даша.

– Не мне, – адказала Таня. – Застаецца ў яго проста з абеду. І, калі я галодная, ніколі не адмаўляюся. Тым больш што бутэрброды смачныя. Добра, усё, пакуль, чао. Заўтра ўбачымся. Коля, праводзь…

– Пакуль, – памахала рукой Даша.

Пінокіа адчыніў Тані дзверы, выпусціў на волю, як птушачку, зачыніў дзверы і вярнуўся да Дашы. Тая глядзелася ў люстэрка, упэўнівалася, ці ўсё нармальна. Усё ж у гасцях у хлопчыка якога-ніякога.

– Чо ты там пра хаўчык казаў? – сустрэла яна яго.

– А, зараз, – кінуўся Коля на кухню. Ён уключыў чайнік, у мікрахвалёўку закінуў катлеты і пюрэшку. Потым спытаў: – Катлеты з пюрэ будзеш?

– Ды мне ўсё адно, – адказала Даша, – абы ядома. – Яна ўстала з ложка, заслала яго, а падушкі ўзбіла. – Ну чо, хутка там? – нецярпліва крыкнула.

– Так, праходзь на кухню, – паклікаў Пінокіа, накрываючы на стол.

Даша села на прапанаванае месца, узброілася відэльцам і хлебам.