– Ды я ж не супраць, – усміхнулася Таня. – Проста цяжка табе давядзецца ў нашым балоце, хоць прыкольна будзе паглядзець на рэакцыю, асабліва настаўнікаў. А продкі твае што скажуць?
– Я думаю, ім увогуле пофіг, што са мной і як я жыву, – сказала Даша неяк сумна.
– Бывае, – уздыхнула Таня. – Такая ж фігня, як са мной. Толькі мае не хаваюць гэтага.
– Дык што, мы сяброўкі? – вырашыла нарэшце напрамую спытаць Даша аднакласніцу.
– Сяброўкі, сяброўкі, – запэўніла Таня, якой таксама вельмі карцела з кім-небудзь сакрэтнічаць і каму-небудзь па-сапраўднаму даверыцца. Даша Белая – чым не варыянт? Да таго ж сама прапанавала сяброўства.
Эпізод 3
Восень зарадзіла дажджы-кулямёты і расстрэльвала бесперапыннай залевай ўсё жывое. Сцвярджала сябе, велічна заяўляючы, што прыйшоў яе час і нікому іншаму распараджацца на здабытай тэрыторыі не дазволіць. Аднак не ўсе страшыліся восеньскай макрэчы. Маладосці, верагодна, наогул невядома такое паняцце як «страх». Маладосць – безразважная і легкадумная, адчайна адважная і адзіная, хто здольны кахаць да самазабыцця, схільная да самаахвяравання і подзвігу, але не супраць атрымліваць падарункі і прызы, адначасова жорсткая і літасцівая, а яшчэ ўлюбёнка смерці і вайны. Нездарма Віктар Цой калісьці распавёў усяму свету, што «война – дело молодых… лекарство против морщин». Бясстрашная маладосць не баялася восені, яе саманадзейных прастуд і ангін, таму што ў сэрцы маладосці жыла вясна, таму што маладосць і была вясной. І спыніць музыку восень таксама была не ў сілах. Як матылькі на яркае святло, на гукі музыкі імкнулі юнакі і дзяўчаты, будучыя мужчыны і жанчыны. Менавіта музыка аб'ядноўвала іх разам. Хай бессэнсоўная і дурная, але такая неабходная ў гэтыя некалькі гадзін, вылучаных кіраўніцтвам аддзела культуры пад дыскатэку, калі хлапчукі і дзяўчынкі, па сутнасці, маглі не прыкідвацца кімсьці, кім павінны былі быць у грамадстве, а заставацца самімі сабой. Менавіта музыка валодала дарам надзяляць усіх і кожнага непасрэднасцю, а не прытворствам. Прытворствам жыццё забяспечвала напоўніцу. Абсалютна розныя, і ў сацыяльным становішчы, і ў разумовым развіцці, маладыя людзі, як цвярозыя, так і пад чаркай, не праходзілі міма, а абавязкова заходзілі ў танцзалы. Іх намеры былі розныя. Хтосьці хацеў танчыць, хтосьці адпачыць, хтосьці пазнаёміцца, хтосьці сустрэцца з сябрамі, пакурыць, пабалбатаць, хтосьці выпендрыцца і пабіцца, хтосьці цалавацца не тоячыся… Ні восень, ні яе дажджы-кулямёты не маглі перашкодзіць моладзі заставацца моладдзю. Таму яшчэ а шостай вечара ў суботу дыджэй Крол, вучань адзінаццатага класа з Першай школы, сын дырэктрысы мясцовага Дома культуры, афіцыйна аформлены мамай як супрацоўнік ДК па дамове падраду на паўстаўкі, завёў сваю «шарманку» так, што раздзіраліся калонкі «Аліса», і гук, які вырываўся з дынамікаў, як джын з бутэлькі, расцякаўся па ўсёй Плошчы і ахінаў сабой, забіваючы шум дажджу.