Паводле тэорыі Д. Рашкофа, сродкі масавай камунікацыі, хочуць яны гэтага ці не, за грошы рэкламадаўцаў прасоўваюць паўсюднае спажывецтва (кансьюмерызм) і фарміруюць грамадскую думку зыходзячы з інтарэсаў рэкламадаўцаў, ствараючы адпаведную карціну свету. Інфармацыйная сфера ці медыяпрастора з крыніцы інфармацыі пра рэальнасць ператварыліся непасрэдна ў рэальнасць, якая існуе па ўласных законах і якая мае групы ўплыву, здольныя праводзіць нешта накшталт медыядыверсій (тады гэта яшчэ не называлася гібрыднымі інфармацыйнымі войнамі, якія мы цяпер штодня можам пабачыць у сацыяльных сетках).
У сваёй кнізе Д. Рашкоф падрабязна апісвае медыяпадзеі як трыгер сапраўдных сацыяльных перамен, хуткасць і маштабы распаўсюду інфармацыі магчыма параўнаць з эпідэміяй нейкага віруса. І ў яго канцэпцыі яны так і называюцца – медыявірусы. Запускам у інфармацыйную прастору такіх медыявірусаў займаюцца медыяактывісты, PR-спецыялісты і маркетолагі, якія дзякуючы сваім ведам у сферы сацыялогіі, маркетынгу, сацыяльнай псіхалогіі і НЛП падрываюць мапу спрошчанай рэальнасці сучаснага чалавека. Вынікамі такіх дыверсій могуць карыстацца палітыкі падчас электаральных кампаній, транснацыянальныя карпарацыі і хто заўгодна яшчэ, хто зацікаўлены ва ўплыве на грамадства23.
Па сваёй сутнасці медыявірусы – гэта і ёсць тыя мемы і мемплексы, якім была прысвечана першая частка дадзенага эсэ. Іх спецыфіка палягае ў тым, што медыявірусы працуюць выключна ў інфармацыйнай сферы і здольныя змяняць чалавечае ўспрыманне падзей у свеце. Пачатковай прыступкай паспяховага медыявіруса можа быць усё, што заўгодна, як то вынаходства або тэхналагічнае адкрыццё, сэкс-скандал, выказванне публічнай асобы, рэзананснае інтэрв'ю і інш.
Інфармацыя, якая выклікала зацікаўленасць у спажыўцоў і атрымала шырокі розгалас, здольная ў лічаныя гадзіны прывесці да зрухаў у масавай свядомасці. Д. Рашкоф лічыць, што ў гэты момант уключаецца эфект матылька: нязначнае змяненне ў адной частцы комплекснай сістэмы можа прывесці да катастрафічных наступстваў у яе іншых частках.
Тэкст Д. Рашкофа абапіраецца збольшага на прыклады тэлебачання, але ж цяпер, у 2017 годзе, асноўным плацдармам для распаўсюду медыявірусаў з'яўляецца інтэрнэт. Яшчэ да з'яўлення сённяшніх найбольш папулярных сацыяльных сетак, на пачатку ХХІ стагоддзя выказваліся меркаванні, што ў будучым інтэрнэт можа пераўтварыцца ў палігон для палітычных зрухаў і рэвалюцый