.
Р. Доўкінз, у сваю чаргу, адрознівае два працэсы ў меметыцы, ці абгрунтоўвае два розныя тыпы мемаў: 1) мем як культурная ідэя, грамадскае дзеянне, не мае шырокіх варыяцый; 2) мем як самакарэктоўная і здольная супрацьстаяць знешнім мутацыям сістэма19.
Меметыку магчыма разглядаць як метад, прыдатны для аналізу будучых культурных рэвалюцый, а таксама як эфектыўную прыладу для аналізу культурнай эвалюцыі.
Даследчык Джэк Харыч (Jack Harich) прапаноўвае дзве мадэлі, якія ён стварыў з дапамогай меметыкі. «The Dueling Loops of the Political Powerplace» – мадэль, што апісвае чыннік карупцыі як палітычнай нормы, якая ўзнікла як наступства атрыманых у спадчыну пераваг адной пятлі зваротнай сувязі над іншай20; «The Memetic Evolution of Solutions to Difficult Problems» – мадэль, што выкарыстоўвае мемы і навуковыя метады меметыкі для дэманстрацыі таго, як складаныя працэсы развіваюцца з цягам часу і як магчыма палепшыць гэты працэс21.
Сутнасць меметыкі як навукі палягае ў перанясенні канцэпцый эвалюцыйнай тэорыі (і ў прыватнасці папуляцыйнай генетыкі) і матэматычных мадэляў на сучасную культурную індустрыю з мэтай тлумачэння сацыяльных, рэлігійных і палітычных працэсаў. У якасці аргументаў на карысць магчымасці такога пераносу даследчыкі прыводзяць прыклады таго, што адзінкі культуры цяпер карыстаюцца трыма «дарвінісцкімі» прыкметамі – зменлівасць, спадчыннасць і пастаяннае ўзнаўленне саміх сябе. Таму самыя прыстасаваныя мемы распаўсюджваюцца, а непрыстасаваныя – знікаюць. Заклад паспяховага культурнага мема – максімальная дакладнасць сваёй перадачы (каб пазбегнуць мутацый), максімальны распаўсюд і максімальны час ўзнаўлення. Мемы, якія найбольш паспяхова вырашылі гэтыя задачы, у канчатковым выніку выйдуць пераможцамі ў эвалюцыйным працэсе культуры22.
Але ж па-ранейшаму ў межах меметыкі адкрытымі застаюцца наступныя пытанні: 1) як вымераць мем як адзінку культуры; 2) у якой ступені адрозніваюцца культурная і біялагічная эвалюцыі; 3) ці адпавядае меметыка такім стандартным патрабаванням да класічнага разумення навукі, як валіднасць, кагерэнтнасць, сфальсіфікаванасць і інш.
Мемы і медыявірусы
Абапіраючыся на здабыткі меметыкі, Дуглас Рашкоф (Douglas Rushkoff) прапаноўвае паняцце «медыявірус». У сваёй кнізе «Медыявірус. Як поп-культура патаемна ўздзейнічае на вашу свядомасць» ён выкарыстоўвае панятак медыявіруса для пазначэння падзей у галіне сродкаў масавай камунікацыі, здольных правакаваць ці радыкальным чынам уплываць на грамадскую думку. Кніга практычна цалкам складаецца з прыкладаў таго, якія маніпулятыўныя тэхнікі выкарыстоўваюць масмедыя для прасоўвання інтарэсаў буйных карпарацый.