7 лютага, год 1919
Мы хадзілі з дзядзькам Пашам на Сянны рынак. Там рабіў выступ нейкі жыд у фуражцы з чырвонай зоркай. Ён казаў, што месца беларусаў у адзінай сям'і народаў Расійскай Імперыі, і што цяпер, калі гэтая імперыя развалілася, сапраўдную ўладу атрымаў просты рабочы народ. Ён махаў рукамі і крычаў: «Мы славяне! Нас не знішчыць клас рабаўнікоў-паноў!» Людзей было шмат, але яны ўсе адыходзілі ад жыда далей і рабілі выгляд, што яго не заўважаюць.
19 лютага, год 1919
Сёння самы шчаслівы дзень майго жыцця! Вярнуўся мой тата! Аказваецца, калі ён быў у лесе, на яго напалі немцы марадзёры і сталі патрабаваць грошай, а калі ён сказаў, што ў яго нічога няма, яны яго збілі, парэзалі нажом і знялі з яго ўсю вопратку і абутак. Тата думаў, што памрэ і ўжо не ўбачыць мяне, але яго падабралі нейкія людзі з вёскі, якая была побач з лесам. Тата доўга хварэў, а яны яго выходжвалі і цяпер ён нават і не ведае, як ім аддзячыць. Цяпер я ўжо не ў прытулку. Тата забраў мяне ў маленькую кватэру, якую зняў на тыя грошы, што зарабіў да вайны. Аказваецца, закапаў ён іх у нейкім лесе.
1 траўня, год 1919
Мы з татам жывем цяжка, але з ім мне значна лепш, чым у прытулку. Я б хацеў трапіць на магілу Лёвушкi, але не ведаю, дзе яна. Цяпер у горадзе кіруюць палякі, а наша радзіма цяпер Польшча.
25 траўня, год 1919
Я бачыў незвычайны сон. Як быццам на месцы манастыра, у якім быў наш прытулак, пабудавалі дзіўны дом, з крывымі сценамі і статуяй каня над уваходам. Я быў ўнутры і бачыў, што гэта падобна на вельмі вялікі тэатр. Я адзін раз быў з татам у тэатры і мне спадабалася. Дык вось, у гэтым тэатры выступаў нейкі чалавек, а на сцэне вісеў вянок з чырвонай зоркай. Чалавек казаў, што галоўнае гэта братэрскі саюз… і тут я прачнуўся…
2 чэрвеня, год 1919
Папа паклікаў мяне і сказаў, што раз цяпер мы жывем у Польшчы, то павінны стаць палякамі. Ён быў вельмі маркотны, мне нават здалося, што ён можа заплакаць. Але ён не заплакаў, а стаў гаварыць са мной пра польскую школу. Я не хачу ў польскую школу, але раз тата кажа, што мне трэба ў яе ісці, значыць – я так і зраблю!
7 траўня, год 1926
Я знайшоў гэты свой стары дзённік. Шмат гадоў прайшло з таго часу, як я пісалэм до него. Тэраз я амаль увесь час гавару на польскай мове. Цо ешчэ я мог бы додаць сюды. Старая настаўніца мая – Станішэўская – даўно памерла. Я пасля польскай школы хачу паступіць да польскага універсітэта. Хачу вучыцца ў Варшаве. Жывём мы з татам нядрэнна. Польшча паволі ўпрыгожвае, на кшталт Еўропы, наш крэсовы гарадок. Я хачу пакласці гэты сшытак у бутельку і выкінуць у Нёман. Можа хто-небудзь калі-небудзь знойдзе гэтыя запісы. Якімі б не былі тады людзі, і ў якой краіне б ні жылі яны, я мам надзею, што яны будуць любіць свае родныя мясціны.