Хлопчыкi i дзяўчынкi - страница 5

Шрифт
Интервал


– Дык ты ж у нас самы несвядомы.

– Гэта чаму ж?

– Сам ведаеш! – заявіў начальнік.

– Паняцця не маю.

– Ну хопіць прыдурвацца, Астапеня! – прыкрыкнуў палкоўнік. – Ты, * ляць, усё разумееш… А калі не хочаш, каб цябе, у такіх сітуацыях, падазравалі, то і паводзь сябе як чалавек, размаўляй нармальна…

– А я што ненармальна размаўляю? Я што не маю права размаўляць на роднай мове, якая, дарэчы, дзяржаўная?..

– Маеш маеш, – перапыніў мяне Аляксандр Браніслававіч, – я проста табе па-добраму хацеў параіць… ну каб ты ў такія вось сітуацыі не трапляў.

– Ды якія такія? У вас наогул ніякіх падстаў мяне падазраваць няма.

– А вось і ёсць.

– Не, няма падстаў.

– Ты мне яшчэ будзеш тут спрачацца, нягоднік! – крыкнуў начальнік.

– Не-не, – адказаў я.

– Кароч, ясна ўсё з табой… Ідзі і падумай аб сваіх паводзінах!

– Пра што канкрэтна падумаць?

– Вольны! – гаркнуў палкоўнік і я выйшаў з кабінета.

Надпіс зафарбавалі хутка. Але праз некалькі дзён ён зноўку з'явіўся на тым жа месцы, амаль такi ж, як першы. Вялікi, зроблены жоўтай фарбай, надпіс: «Дыктатура» зноў бударажыў наша міліцэйскае ўпраўленне, будынак якога раскінулася ў цэнтры горада на невялікай горцы. З раніцы я быў на працы і мяне зноў выклікалі да Аляксандра Браніслававіча.

– Бачыў? – спытаў палкоўнік, гледзячы на мяне спадылба.

– Так точна, бачыў.

– Што думаеш?

– А што я магу думаць?

– Ты мне дурня не ляпі! – крыкнуў начальнік.

– Вінаваты…

– Ну, карацей, Астапеня, спытаю прама: ты пісаў?

– Не, не я, – сказаў я цвёрдым тонам, гледзячы палкоўніку прама ў вочы.

– Хм… А я вось на цябе падумаў.

– Гэта я ўжо зразумеў.

– Ну раз не ты, то добра. Давай тады займіся гэтай справай. Трэба знайсці гэтага мастака *ляць маць яго… Зайдзі да Колі. Хай табе пакажа запісы з камер. Круціся як хочаш, а знайдзі гэтага *ляць Айвазоўскага…

– Айвазоўскі пісаў марскія пейзажы, – сказаў я і тут жа прыкусіў язык.

– Ты што яшчэ і разумнічаць будзеш? – з кіслай усмешкай спытаў начальнік.

– Не.

– Пайшоў нахрэн адсюль да Колі! – загрымеў Аляксандр Браніслававіч, узнімаючыся з крэсла і хутка чырванеючы.

– Ёсць! – спалохана крыкнуў я і, чаканячы крокi, выйшаў з кабінета, пачуўшы ў спіну «Змагар, маць тваю».

– Здарова, Андруха змагарок, БЧБ не захапіў? – сказаў Коля, калі я ўвайшоў у яго кабінет. – Ты, мабыць, наконт запісаў з камеры над сценкай, на якой гэты хрэнаў надпіс, так?