Хлопчыкi i дзяўчынкi - страница 4

Шрифт
Интервал



Андрэйка

(Мой дзёньнік у якім няма дат, бо пішу па памяці і даты не памятаю)


Дзверы ў кабінет начальніка заўсёды выклікалi ў мяне роспач. Так-так, адзін погляд на iх цёмную, вечна бруднаватую паверхню, адразу ж прыводзіў мяне ў стан крайняй нервовасці. Таму я хацеў праскочыць iх як мага хутчэй. Не надта гучна стукнуўшы ў ненавісную перашкоду, два разы, косткамі пальцаў, я націснуў на абшарпаную ручку і рашуча ўвайшоў.

– Дазвольце, Аляксандр Браніслававіч? – спытаў я, увайшоўшы ў кабінет.

– Заходзь, Андрэй. Ну чо, змагар? Ужо бачыў?

Начальнік зноў назваў мяне змагаром. Амаль уся ўправа называла мяне так, з-за таго, што я размаўляю амаль выключна на беларускай мове. Што тут дзіўнага? Я жыву ў Беларусі, я – беларус. Мая мама была настаўніцай беламовы ў школе. Чаму я не павінен гаварыць на роднай мове? Хаця… ніхто прама і не кажа, што не павінен. Проста ўсе вакол глядзяць на мяне, як на прышэльца. Ды яшчэ гэтыя жарты…

– Дык ты бачыў? – паўтарыў сваё пытанне Аляксандр Браніслававіч.

– Што менавіта?

– Надпіс на нашым будынку, што! – адрэзаў начальнік.

– Не. Неяк не заўважыў. Спяшаўся на дзяжурства.

– Злева ад уваходу здаравеннымі літарамі напісана «Дыктатура». – сказаў Аляксандр Браніслававіч, голас якога станавіўся ўсё больш сярдзітым.

– Шчыра кажу, не бачыў.

– Ну так схадзі і паглядзі! Потым вернешся!

Я выйшаў з кабінета і пайшоў па доўгім калідоры да выхаду з будынка. Мой бацька быў міліцыянерам, як і мой дзед. Але можа быць мне не варта было працягваць гэтую традыцыю? Дынастыя? Ну так… Дынастыя. Але калісьці ж трэба пачаць новую… Навошта мне гэта? Проста я з дзяцінства марыў стаць міліцыянерам. І вось – стаў! Працую некалькі гадоў. Праца, вядома, не цукар. Неяк я бег за хуліганам і выкрыкваў загады спыніцца, а ён на судзе потым сказаў, што не разумеў мяне бо не ведае мовы, на якой я яму крычаў. Белабрысы беларускі хлопец з прозвішчам Андрушевiч не ведае мовы…


Я выйшаў на вуліцу і агледзеўся. Злева ад уваходу сапраўды ззяў яркi вялікi надпіс: «Дыктатура» выпісаны жоўтымі літарамі, даволі акуратна. Я вярнуўся ў кабінет начальніка.

– Ну шо бачыў? – спытаў Аляксандр Браніслававіч, адарваўшыся ад вывучэння дакументаў.

– Так точна.

– Я вось думаю, ці не ты гэта напісаў, змагар ты наш. А?

– Што? – мой голас гучаў здзіўлена. – Ды як вы наогул можаце мяне падазраваць? Глупства нейкае. Навошта мне гэта?