Герб роду Тарасовічаў
Уладыслаў Тарасовіч і Юзэфа пасьля сьмерці былі пахаваны ў Гнезна, дзе пры касьцёле ёсьць помнік з надпісамі: «SP Wladyslaw Tarasowicz ur 24 stycznia 1826 r, zmarl 1 lutego 1892 r. SP Krywickich Jozefa Tarasowicz, ur 22 czerwca 1836 r. Zm 2 grudnia 1903 r». Маці Юзэфы Вікторыя перажыла іх. Цэцылія з Талочкаў Цешкоўская ў «Размове аб тым, што было «узгадвае Волю таго часу: «А дзьве мілі ад Зяльвян быў другі маёнтак Тарасовічаў, Воля, у якім у вельмі прыгожым старым доме з вялікім паркам жыла бабка Юлька Тарасовіча пані Крывіцкая са сваёй дачкой удавою Юзэфай Тарасовіч. Пані Крывіцкая была вельмі дастойнаю старэнькаю. Дробная, акружаная старою службаю, сядзела самотна і не мела таварыства». У 1832г. Крывіцкія пабудавалі ў Волі цікавы двор у клясычным стылі, падобны да будынку ў Росі. Двор падрабязна апісаны Раманам Афтаназы ў артыкуле «Воля каля Луны», дзе зьмешчана аж 4 здымкі будынка з 1939 г. Фатаграфію двара з 1934 г. надрукавала ў сваёй кнізе амэрыканская падарожніца Louise Arner Boyd. Добра адлюстраваны палац і на малюнку В. Карпызы. Наступным уладальнікам Волі стаў сын Юзэфы Юліян Тарасовіч. У 1911 г. Юльян Тарасовіч памёр. Юльян меў адзінага сына Эдварда-Мар’яна (? —пасьля 1939) і дачку Юзэфу Марыю (1899—1932). У спадчыну пасьля бацькі зусім яшчэ юнаму Эдварду дастаўся маёнтак Воля. Нарадзіўся Эдвард Тарасовіч у 1891 г. Скончыў Сельскагаспадарчую акадэмію ў Дублянах. Перад І-й сусьветнай вайной ён ажаніўся з Ядвігай-Эміліяй Дзяконскай (1895—1939) з маёнтка Пятровічы Кобрынскага павета. У час вайны, адпаведна расійскаму праву, Эдвард Тарасовіч не быў мабілізаваны, таму што быў адзіным сынам. Летам 1915 г. пачалося актыўнае наступленьне нямецкіх войск, многія жыхары заходніх рэгіёнаў Беларусі пакідалі свае родныя мясьціны, перамяшчаліся на ўсход. Цішэўская падрабязна апісвала пераезд у Менск, які працягваўся тыдзень. Цяжка было знайсьці месца для начлегу, а мясцовыя жыхары па-рознаму ставіліся да бежанцаў. Сем’і Тарасовічаў і Талочкаў пасяліліся ў Менску ў адным доме №16 на вул. Захар’еўскай, разам вялі гаспадарку.
У 1920—1930-я гг. сям’я Эдварда і Ядвігі-Эміліі Тарасовічаў жыла ў Волі, дзе была адноўлена вельмі прыгожая сядзіба, яе тагачасны выгляд захавалі старыя здымкі.
Маёнтак Воля. Выгляд да 1939 г.