Гэтую сям’ю яшчэ памятаюць старэйшыя людзі ў ваколіцы. Зь іхніх слоў гаспадар быў страшным карцёжнікам. Частку маёнтку прайграў у карты. З-за гэтага напэўна Эдвард Тарасовіч меў фінансавыя праблемы, таму што маёнтак Воля быў закладзены ў Віленскім Земскім банку. Нягледзячы на гэта ў пачатку 20 ст. новы ўладальнік Эдвард Тарасовіч адрамантаваў увесь будынак, але ў час першай сусьветнай вайны ён быў зьнішчаны. Адноўлены ў 1928г. Па дадзеных на 1937г. за гэтым маёнткам пляцам 561 га значылася пазыка ў 104 тыс. 224 зл. Двор стаяў у парку плошчай 3 га. З правай стараны вяла да яго шырокая ўязная алея тапалёвая, якая заканчвалася стылёвай брамай, завешанай на двух мураваных акруглых слупах. Перад домам быў вялікі газон, праз які вяла сьцежка сярод дэкаратыўных кустоў і штамбавых руж. Другі газон быў з тыльнага боку дома, Спадаў ён да гуляючай у нізе рачулкі, праз якую перабягалі два бярозавыя масткі. За рэчкаю ляжаў агарод. Газоны акружалі ёлкі, лістоўніцы, ліпы, бярозы і таполі.
Лёс апошніх уладальнікаў Волі
У Тарасовічаў было два сыны, абодва зьяўіліся на сьвет у маёнтку Воля. Старэйшы Казімір нарадзіўся 20 сьнежня 1919 г., малодшы Станіслаў – 22 траўня 1922г. Хлопчыкі вучыліся ў гімназіі бацькоў-езуітаў у Вільні.
Маёнтак Воля. Пасьля паляваньня
У гары са стрэльбамі Станіславаў, унізе – Казімір Тарасовічы. Фота сярэдзіны 30-х гг. ХХ ст.
Фота з кнігі: В. М. Папко. Род Дзяконьскіх і іх маёнткі на Брэстчыне ў ХІХ-ХХ стст. Брэст: Альтэрнатыва, 2009.
Ядвіга-Эмілія Тарасовіч з сынамі Станіславам і Казімірам
На старых здымках тых часоў усе члены сям’і выглядаюць шчасьлівымі.
Ядвіга і Эдвард Тарасовічы з сынам Казімірам (1938 г.)
Адзін са здымкаў прадстаўляе Ядвігу-Эмілію, яе мужа і сына Казіміра каля матацыкла. Маці дарослага сына, гэтая жанчына захоўвала стройнасьць і дзявочую фігуру. Здымак прадстаўляе яе на матацыкле, які ў тыя часы зьяўляўся сымбалям дастатку і тэхнічнага прагрэсу.
Эдвард, Казімір і Станіслаў Тарасовічы,1939 г. Фота з кнігі: В. М. Папко. Род Дзяконьскіх…
20 сакавіка 1939г. памерла Ядвіга-Эмілія, яна была пахаваная ў Варшаве на Павонзках. Пасьля верасьня 1939 г. па прыходзе савецкіх войскаў Эдвард Тарасовіч і яго сын Станіслаў былі арыштаваныя ў Вільні. Невядома толькі ці ў 1939 г., ці ў 1940—1941 гг. Па другой вэрсіі ён быў арыштаваны разам з маці Ядвігай. Эдвард Тарасовіч памёр ад дызэнтэрыі 8 верасьня 1941 г. у лягпункце №47 лягернага комплексу Севуралляг Сьвярдлоўскай вобласьці Расійскай фэдэрацыі. Лёс яго маці Ядвігі невядомы.