Трыкутнiк караля - страница 2

Шрифт
Интервал


Розум падказваў Мечыку, што актыўныя дзеянні не заўсёды патрэбныя і што вось так проста ўзяць і даць бязглуздаму балбесу па фізіяноміі – не заўсёды лепшае, хай нават і вельмі жаданае, рашэнне.

Не гледзячы на немагчымасць зарабляць сваёй любiмай спецыяльнасцю – гісторыяй, хоць колькі-небудзь прыстойныя грошы, Мечыслаў не кідаў сваіх заняткаў на ніве Кліо, а проста рабіў гэта ў вольны ад асноўнай працы час.

Так і зараз, у свой абед, малады чалавек хадзіў па горадзе і прымячаў тое, што яму было трэба для нататак, якія ён публікаваў у гістарычных часопісах. У распрацоўцы гісторыка было адразу некалькі артыкулаў, а прагулкі па Гродна звычайна натхнялі яго і на новыя ідэі, таму ён не спяшаўся вяртацца на працу, а ўсё блукаў і блукаў сярод мінакоў, як звычайна ў такі час, трохі спяшаючыхся і панурых, сноўдаючых па сваіх справах.

Мечыслава моцна засмучала тое, што ў яго любімым горадзе ўжо даўно даволі бязладна ставіліся да гістарычнай спадчыны. Мечык быў актыўным крытыкам дзеянняў гарадской адміністрацыі, якая разбурала старадаўнія ансамблі вулачак і плошчаў Гродна. Імкнучыся хаця б зафіксаваць на фота, атакаваных людзьмі, маўклівых сведкаў мінулага, Мечыслаў не раз дакараў сябе, калі не паспяваў да якога-небудзь доміка, са сваім фотаапаратам, раней, чым да яго паспявалі, разнамасныя групы рабочых з бульдозерам. Таму ён з вялікай увагай працягваў блукаць па старым цэнтры, узіраючыся ў знаёмыя кварталы і, з унутраным трымценьнем, уяўляў сабе чарговыя работы па паляпшэнню гарадской інфраструктуры, якія праз раз зводзіліся да разбурэння горача любiмага ім, прыгожага беларускага горада.

Цяпер ён ішоў па вуліцы Савецкай, якая выглядала зусім не па-савецку. У адным з закуткоў, што адкрываліся воку з гэтай вуліцы, некалькі чалавек у робах капалі яму.

Адным з вялікіх інтарэсаў Мечыслава была археалогія. Веды маладога чалавека ў гэтай дысцыпліне былі сапраўды шырокімі. Яшчэ ў гады першых курсаў універсітэта, ён актыўна ўдасканальваў свае навыкі археолага, абганяючы праграму і здзіўляючы выкладчыкаў. Пазней Мечык любіў аглядаць траншэі выкапаныя рабочымі на вуліцах Гродна. У іх амаль заўсёды можна было знайсці нешта цікавае для археолага. Сырая зямля, яе выгляд і пах, ужо абяцалі Мечыславу плойму адкрыццяў, і ён лёгка знаходзіў дзіўныя рэчы там, дзе іншыя мінакі бачылі толькі камякі гразі, брыдка прыліпаючыя да чыстага, яшчэ пахкага свежай скурай і офісам, абутку.