– Выходзiць, шантаж?! – не то пытаючыся, не то сцвярджаючы, прагаварыла Ядзя.
– Называй як хочаш, толькi клiент сам прапаноўвае грошы, а значыць, i скардзiцца не будзе.
Ядзя надзiва хутка ўцягнулася ў «работу». Яна пачала нават атрымоўваць асалоду, назiраючы за п’янаватымi клiентамi, якiя, убачыўшы яе, кiдка-прыгожую, вабную, падцягвалiся, iх твары расплывалiся дурнаватымi ўсмешкамi, вочы быццам прылiпалi да яе гнуткага стану, да высокiх грудзей… У гэтыя хвiлiны Ядзя адчувала сваю перавагу, была казачнай феяй, ёй iмпанавала i цешыла яе самалюбства мужчынская пажадлiвасць. Яна артыстычна выконвала ролю разбэшчанай, капрызнай кабеты, якая не супраць пацешыцца, прыняць заляцаннi стомленага камандзiраванага.
Калеснiк i сапраўды прыдзiрлiва выбiраў будучага клiента. Ён некалькi дзён ацiраўся ў калiдорах якой-небудзь высокай дзяржаўнай установы, бо будучая ахвяра, «клiент», павiнен быць начальнiкам, хай сабе i невялiкiм, але абавязкова каб пры пасадзе. Калеснiк лёгка сыходзiўся з чалавекам, завязваў размову, а там i планы на вечар. Ён не навязваўся, а, быццам мiж iншым, узгадваў добрую знаёмую, якая пакутуе ад адзiноты. Клiент згаджаўся павячэраць у добрай кампанii, а далей, пасля некалькiх кiлiшкаў гарэлкi, усё iшло як па масле…
Потым Калеснiк заўсёды зласлiва кпiў з гэтых чыноўнiкаў, напачатку ганарлiва-пыхлiвых, а потым прынiжаных i плаксiвых, гатовых заплацiць любыя грошы, абы толькi ўсё засталося шыта-крыта.
З пэўнага часу Ядзя пачала адчуваць крыўду, лiчачы, што саўдзельнiкi робяць менш, а атрымоўваюць усе роўна. Асноўную работу выконвала яна, таму мець павiнна больш. Праўда, выказаць нязгоду Калеснiку пабойвалася, але выйсце знайшла: з пэўнага часу, перш чым мiргануць святлом, падаць знак Сержу i Iвану, употайкi шастала па кiшэнях спячых клiентаў i забiрала частку грошай.
Аднойчы Ядзя паспяшалася, не дачакалася, пакуль клiент засне. Толькi яе рука слiзганула ў кiшэню пiнжака, што вiсеў на спiнцы крэсла, як клiент узбычыў галаву i вылупiў чырвоныя вочы, куды толькi i сон падзеўся.
– Значыць, краля, чысцiш кiшэнi? – ухапiў ён Ядзю за рукi. – Я ў мiлiцыю зараз пазваню.
Ядзя перапужалася толькi на нейкую хвiлiну. Напамiн пра мiлiцыю надаў рашучасцi, яна з усёй сiлы штурханула клiента, кiнулася да дзвярэй, але чалавек, хоць i быў на добрым падпiтку, аказаўся спрытнейшы за яе.