– Што тут здарылася, чаму ён не спаў?
Ядзя, яшчэ не асэнсаваўшы ўсяго, надрыўна галасiла i таропка, дрыготкiмi рукамi спрабавала нацягнуць на сябе разарваную сукенку, але гэта ёй нiяк не ўдавалася.
– Выкiнь гэтую анучу! – нервова крыкнуў Калеснiк i працягнуў жанчыне прасцiну. – Прыкрыйся i расказвай. А ты, – кiнуў ён Iвану, – пакiнь у спакоi мерцвяка, аплявухамi не падымеш.
– Ён узяў мяне сiлай, я нiчога не магла зрабiць, – наўзрыд галасiла Ядзя.
– Не скуголь! – узвiўся Калеснiк. – Навошта цябе гвалцiць, калi ён ведаў, дзеля чаго сюды iшоў? Клiент не сумняваўся, што атрымае сваё. Кажы праўду: ён мёртвы i я павiнен ведаць сапраўдную прычыну.
Ядзя закрыла далонямi твар, галасiла:
– Я думала, ён спiць, i хацела забраць з кiшэнi грошы…
Ядзя не дагаварыла. Калеснiк моцна ўдарыў кулаком у твар, i яна другi раз за апошнiя паўгадзiны страцiла прытомнасць. Калi расплюшчыла вочы, Серж пырскаў на яе вадой, Iвана не было, мярцвяк ляжаў побач папярок ложка i ўсё глядзеў у столь нежывымi, мутнымi вачыма. Яна падхапiлася, замiтусiлася, шукаючы сваё адзенне, i толькi адна думка нясцерпным болем разломвала скронi: «… Хутчэй уцякаць з гэтай жудаснай кватэры, каб не бачыць нi Калеснiка, нi мерцвяка, нi запэцканых крывёй прасцiн i падушак».
– Не тузайся, – паклаў Калеснiк руку на плячо, прымусiў сесцi, – i слухай уважлiва, – ён на хвiлiну прымоўк, задумаўся. – Я выклiкаў мiлiцыю, раскажам усё, як было, акрамя сапраўднай прычыны, па якой ён тут апынуўся, – Калеснiк паглядзеў на мерцвяка i гiдлiва зморшчыўся. – Памятай: ты, я i ён былi ў рэстаране, там i пазнаёмiлiся. Прыйшлi ў кватэру, выпiлi шампанскага i, як часцяком бывае, не хапiла. Цяпер галоўнае: я, твой жанiх, пайшоў купiць яшчэ гарэлкi, а лысы, скарыстаўшы маю адсутнасць, згвалцiў цябе. Ты не чула, калi я вярнуўся, i астатняе, як было. Пра Iвана не ўзгадвай. Мы былi з лысым у рэстаране, нас бачылi, так што ўсё будзе выглядаць праўдзiва i натуральна. Галоўнае, стаяць на сваiм: ён гвалтаўнiк. Думаю, доказаў хопiць, i памятай: плявузгнеш лiшняе – сядзем утраiх, i не менш як па дзясятцы нам забяспечана. А так мне дадуць па нашых законах два, ад сiлы тры гады. Пэўна, не знойдзеш такога жанiха, якi, убачыўшы, як гвалцяць нявесту, будзе круцiць тэлефон i зваць на дапамогу мiлiцыю. Я паводзiў сябе натуральна, i гэта нi ў каго не выклiча сумненняў. Канечне, мяне прыцягнуць да адказнасцi, але тэрмiн атрымаю мiнiмальны.