Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - страница 22

Шрифт
Интервал


Рэзкім рухам Фойкэ выгнулася і ўсадзіла джала ў бок рагатаму богу. Ён застагнаў. У той жа момант Мадыган учапіўся ёй у грудзі, гадзюкі атакавалі галаву. Але было позна. Яна напружыла чэраўца й павыціскала бомбачкі ўнутар Кэрнуна. Фойкэ да апошняга ня верыла, што ў яе атрымаецца забіць бога, хоць Зялёны чалавек і запэўніваў, што той – просты сьмяротны.

Выбухнула.

У Ноч разьятраных зораў на Ануне й на арбіце загінула каля двух мільярдаў. Зялёны чалавек кажа, яны не былі людзьмі ў сучасным разуменьні, то й пераймацца дарма ня варта. Гэта гісторыя. Трэба жыць далей.

Тае начы пачалося нашае вяртаньне да людзкасьці. У каторых з нас дагэтуль засталіся хвасты й мацалы, але гэта рудымэнты, ня больш за тое. Нашыя смакоўніцы цяпер няплодныя – ды замест таго, каб пасьсякаць, мы абкопваем і ўгнойваем іх, спадзяваючыся на перамены. Каторыя кажуць, бяз восаў-блястафагаў нічога не атрымаецца. З такімі ў нас размова кароткая.

Граху біяцэнтрызму мы на душу ня возьмем.

Найлепшая маскіроўка

Як бы я ні любіў чытаць цьвёрдую НФ зь ейнымі рэвалюцыйнымі ідэямі й канцэптамі, ад якіх займае дух, таксама не абы-які сантымэнт маю да касмаопэры й «sword and planet». І дагэтуль у перапынках паміж Грэгам Бэрам і Грэгам Іганам з прыемнасьцю перачытваю забаўляльныя «Tschai» Вэнса, «Viagens Interplanetarias» дэ Кампа і «Majipoor» Сільвэрбэрга.

Пачынаючы сваё знаёмства з фантастыкай, я, памятаю, дзівіўся: як так? Па «новай хвалі», па тым, як у канцы 60-х Дзілэйні напісаў быў «Бабілён-17», Жалязны – «Валадара сьвятла», а Дзік – «Убіка», – па ўсім тым Эдвін Таб як нічога ніякага кляпаў яшчэ не адзін дзясятак непатрабавальных раманаў пра Дзюмарэста з Тэры, а Лі Брэкет працягвала бясконцыя прыгоды Эрыка Старка на чарговай плянэце. Яна ж напісала сцэнар для пятага эпізоду «Зорных войнаў», дзе, як вядома, караблі так прыгожа, але абсалютна ненавукова выбухаюць у космасе.

Дзівіцца я дзівіўся, але быў задаволены, што прыгодніцкая фантастыка добра пачуваецца па сёньня. Брэкет з Табам мне падабаліся, і я радаваўся, што яны чытаюцца й дагэтуль. А дурасьлівыя «Зорныя войны» дык і глядзяцца – насуперак таму, што гэта, у ісьце, папросту «Дзюна» на мінімалках. Гэткая лёгкая фантастыка ня толькі чытаецца, але й пішацца. Напрыканцы тысячагодзьдзя Гарднэр Дазуа выдаў таўшчэзную анталёгію «Adventure SF in the Grand Tradition» з новымі прыгодніцкімі апавяданьнямі сучасьнікаў. Шматлікія аўтары й цяпер, у XXI стагодзьдзі, працягваюць ствараць кнігі пра герояў Эдгара Райса Бэраўза – Джона Картэра з Марса й Карсана з Вэнэры.