У рэчышчы тае старое традыцыі якраз і напісаная «Маскіроўка». А выгляд галоўных герояў я запазычыў з карцінаў Ота Дыкса «Партрэт доктара Маер-Германа», «Прадавец запалак» і «Партрэт доктара Гайнрыха Штадэльмана». Касмалёгію скарыстаў з «Куканіі»: у парадку аддаленьня ад Старое Зямлі йдуць Блізкія Сьветы, Крэсовыя плянэты, Загранічча й Незнань.
«Доктар Лезгэ».
Што-што, а памяць у Бальтрута Тронзы была выдатная. Зь ягонаю прафэсіяй па-іншаму ніяк. У той момант памяць падавала сыгналы ягонай сьвядомасьці.
Таму ён і зьнерухомеў, дзе стаяў – пасярод эсплянады. Леваруч за падпорнаю сьценкаю плёскаўся Брульлём – памаранчавы акіян звадкаванага газу з характэрным мэталічным пахам, а праваруч бязладным шэрагам ляпіліся да схілу замшэлыя грыбы з офіснымі памяшканьнямі ўнутрох. Варты ўвагі краявід для ўраджэнца Старое Зямлі, але нічога прыцямнага для таго, хто ўжо наведваў Гліцыяс. Для бадзягі, які не затрымваўся на адной плянэце болей за пару месяцаў, папросту чарговая дэкарацыя.
«Гм, Лезгэ. Дакладна ня з тых, каму я ваду замуціў быў. Лезгэ-Лезгэ, дзе ж я мог цябе перастрэць?..»
Сьпіс людзей, што мелі нагоду й магчымасьць для помсты, ён ясна бачыў нутраным зрокам, варта было заплюшчыць вочы. У ягоным доме памяці картатэка з мажлівымі мсьціўцамі й знанымі ворагамі месьцілася ў цэнтральным пакоі. Складалася яна з двухсот сарака шасьці ймёнаў. Васьмёра былі нябожчыкамі, але іхныя карткі выкідаць было ня варта: паквітацца квітам могуць і нашчадкі.
«Хто ж ты такі, доктару, і чаму мне муляе тваё ймя?»
Гэты адрас даў Старычына Рэнзо. Падстаўляць Тронзу яму было не з рукі. Днямі яны сумесна правярнулі шматхадовую афэру на станцыі Альдрэма ў Блізкіх Сьветах. У выніку хітрых апэрацыяў ім удалося паціху аформіць паі ў Банку ККД. Паі на кругленькую суму й выдуманыя ймёны. Пад гэтыя ймёны яны зрабілі новыя асобы – зьмянілі свае ДНК. Адпаведныя дакумэнты – цалком афіцыйна – на тыя імёны дастаць было нескладана. Паводле рэгуляцыяў банку, пагасіць паі ў аддзяленьні на Папілюсе, што ў Крэсах, можна было не раней, чым празь зямны месяц. Каб засьцерагчы сябе ад здрады з боку паплечніка, яны аформілі паі адмысловым чынам. Пагасіць іх можна выключна ў пары: трымальнікі папераў мусяць адначасна зьявіцца ў аддзяленьні банку й пацьвердзіць свае асобы квантавымі меткамі.