Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх - страница 24

Шрифт
Интервал


Рэнзо й Тронза сталіся цяпер адзін для аднаго літаральна найдаражэйшымі людзьмі ў Сусьвеце. Гэта, вядома ж, ні ў найменшай меры ня значыла, што яны хоць крышачкі давяралі адзін аднаму.

Бальтрут Тронза ня быў бы Бальтрутам Тронзам, калі б не перастрахаваўся: перад адведкамі Папілюсу ён вырашыў з тыдзень пераседзець на Гліцыясе. Паводзіўся тут ціхмяна й назіраў, ці ня пойдуць якія чуткі, ці ня зьявяцца нязваныя госьцейкі. Афіцыйна Галяктычны Рэгістар ня мог нічога зрабіць на Крэсовых плянэтах, у тым ліку на Папілюсе, але неафіцыйна мог заслаць сакрэтных агентаў – справа пахла вялікімі грашыма. Мог выправіць наймітаў і Банк ККД, калі б выкрыў афэру. Заставалася верагоднасьць, што іх сустрэнуць адразу за дзьвярыма аддзяленьня. Усё, што Тронза быў у змозе зрабіць (і зрабіў) – гэта займець свае «вушы» на Папілюсе, якія ў выпадку небясьпекі даслалі б яму вестку.

Акром таго, ён вырашыў у чарговы раз зьмяніць аблічча. Старычына Рэнзо параіў яму адрас у Вялікім Шкосьце: Эсплянада Ві Брульлём, 17. Сказаў, што здаўна знае доктара й давярае яму як сыну. Маўляў, ягонымі паслугамі карысталіся такія легенды, як Пранчуздра Дэнэльбромт, Ё-ё Крыкс, Тэльтрон Пратон і Мезьвілёмій Арэскі. Галяктычнаму Рэгістру ні разу не ўдалося злапаць нікога зь іх. Яны бяз шуму сышлі на дно й цяпер, відаць, насалоджваюцца заслужаным адпачынкам дзе-небудзь у Заграніччы альбо на ўласных астэроідах. На гэта Тронзу не было чаго запярэчыць.

У сьпіну яму торкнуўся халодны нос цяжкавога вульпра, які цягнуў панарад з грыбнымі спорамі. Тронза схамянуўся і адышоў з дарогі, дзе стаяў увесь час, утаропіўшыся ў вялізныя белыя літары на дзьвярох:

КАНСЬПІРАЦЫЙНАЯ ХІРУРГІЯ Й СУПРОЦЬСЬЛЕДЧАЯ СПАМОГА

Д-Р ЛЕЗГЭ, МЛДШ.

Ён задуменна падкруціў наваскаваны вус і наблізіўся да ўваходу. Адсюль можна было разабраць драбнейшы надпіс ніжэй:

Адзінаццаць гадоў бясплямнае практыкі

Найлепшая маскіроўка, творчы падыход

Ніякіх пытаньняў, ніякіх імёнаў, ніякіх ганьбаваньняў

Пакіньце катэгарычны імпэратыў на ганку й сьмела ўваходзьце

Яшчэ ніжэй на цьвіку ліпела паперчына:

Нагадваем баязьліўцам: паводле арт. 343/8 Галяктычнага Рэгістру, правамоцнасьць Рэгістру не распаўсюджваецца на Крэсовыя Плянэты, якія зьяўляюцца зонаю неабмежаваных вольнасьцяў, грамадзянскае бяспраўнасьці, натуральнага стану й кіраванага хаосу. Таксама нагадваем, што пакоі за адрасам Эсплянада Ві Брульлём, 17 месьцяцца ў Вялікім Шкосьце, які ў сваю чаргу знаходзіцца на Гліцыясе, а Гліцыяс, як вядома нават баязьліўцам – плянэта Крэсовая.