Ля самае зямлі ляпіліся квантавыя меткі Ё-ё Крыкса, Пранчуздры Дэнэльбромт і шчэ колькіх знакамітых авантурнікаў. Тронза прысеў і памацаў блішчастыя круглякі – непадробленыя. Гэта яго супакоіла. А вось пасаж пра «творчы падыход» даспадобы не прыпаў. Гэтак жа сама, як прозьвішча Лезгэ.
Бальтрут Тронза ня быў бы Бальтрутам Тронзам, калі б не навучыўся па-філязофску спакойна прымаць тое, з чым нічога парабіць ня мог. Нічога, акром хіба што аднае засьцярогі. Пакончыўшы зь ёй, ёй паціснуў плячыма, разгледзеўся на бакі і ўвайшоў.
Калідор імітаваў ход, прагрызены стужачным чарвём. На шурпатых сьценах чорнымі алейнымі кроплямі праступала вільгаць. Ход пятляў і падымаўся ўгору, аж пакуль не выводзіў у полы капялюш. Памяшканьне станавіла сабою прасторную напаўсфэрычную апэрацыйную, пазастаўляную незразумелымі прыладамі старасьвецкага выгляду, мэталічныя часткі якіх пакрыліся пацінай – атмасфэра Гліцыясу не давала ім літасьці. Тут панаваў грыбны водар упярэмешку з мэдычнымі пахамі. Ніводзін прадмет ня быў маладзейшым за Тронзу. Зрэшты, пабачыць іншую карціну ў Крэсах ён і не спадзяваўся.
Большую частку пакою, здавалася, займаў тлусьцяк у белым халаце. Ён сядзеў на ўслоне й глядзеў у нікуды тупымі касаватымі вочкамі, зьведзенымі да пераносься. Мажныя шчокі й падвойнае падбародзьдзе, за якім не было відаць шыі, наводзілі на думку пра вавёрак Сўэльта. Тыя назапашвалі еміну ў ротавае поласьці на зіму й часам так стараліся, што гінулі з асьфіксіі. На грушаватую галаву тлусьцяк начапіў бліскучую антыкварную прыладу. «Лобны рэфлектар, – паслужліва падказала памяць. – Артэфакт Даўных дзён. У дадзеным выпадку не слугуе ніякай практычнай мэце». Гледзячы на дзябёлыя пальцы, Тронзу цяжка было даць веры, што перад ім слынны хірург. Ад пальцаў увага перакінулася на рукі. Можна было падумаць, іх вага настолькі вялікая, што менавіта празь яе доктар склаў ручышчы-ўпоры на каленях перад трыбухом.
Судзіць людзей паводле першага ўражаньня, да таго ж вонкавага, – справа рызыкоўная, таму Тронза ўстрымаўся ад высноваў. Адно зазначыў, як часта лекары бываюць падобныя да спалечнікаў лякарняў.
Тлусьцяк маўчаў, глядзеў у сьцяну й не выяўляў з таго ні найменшае няёмкасьці.
Тронза аказаўся:
– Доктару Лезгэ, мяркую? Вышняга вам ветру.
Той урэшце перавёў на яго няўважлівы пагляд, пасьля чаго цяжка, з задышкаю, узьняўся.